Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/21/eu_1017658_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 10:38
21.09.2019 09:40 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Новы пасол ЕС Дзірк Шубель: Беларусі неабходная комплексная рэформа выбарчага заканадаўства

Мінск, 21 верасня. Беларусі неабходная ўсёабдымная рэформа выбарчага заканадаўства, лічыць новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Дзірк Шубель.

"Выбары таксама з`яўляюцца часткай нашага дыялогу па правах чалавека, — сказаў ён у інтэрв`ю БелаПАН. — Дэмакратыя і вяршэнства права прадугледжваюць адпаведныя выбарчыя працэдуры, выбарчае заканадаўства. І так, выбары — гэта тая сфера, дзе, на жаль, за апошнія гады не быў дасягнуты дастатковы прагрэс".

Шубель нагадаў, што на неабходнасць рэформы выбарчага заканадаўства ў Беларусі неаднаразова звярталі ўвагу Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ і Венецыянская камісія Савета Еўропы.

"Мы падзяляем усё сказанае гэтымі двума інстытутамі ў дачыненні да выбарчага заканадаўства, — падкрэсліў пасол ЕС. — І нам бы вельмі хацелася, каб такія змены адбыліся. На жаль, яны не адбываюцца напярэдадні лістападаўскіх выбараў. (17 лістапада ў Беларусі пройдуць выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. — БелаПАН.). Гэта выклікае шкадаванне, аднак мы спадзяёмся, што пасля зможам працягваць працаваць над гэтым разам з беларускімі ўладамі і Цэнтрвыбаркамам".

Паводле слоў Дзірка Шубеля, у ЕС чакаюць, што парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. "Мы таксама вельмі спадзяёмся на тое, што будуць прадэманстраваныя некаторыя паляпшэнні ў параўнанні з мінулымі выбарамі. Мы будзем вельмі ўважліва сачыць за ходам усёй выбарчай кампаніі", — падкрэсліў кіраўнік прадстаўніцтва ЕС.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239