Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/21/eu_1017659_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 11:06
21.09.2019 09:48 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Дзірк Шубель: Адмена астатніх санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі магчымая, калі мы ўбачым адчувальны прагрэс у сферы правоў чалавека

Мінск, 21 верасня. Адмена астатніх санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі магчымая, калі ў краіне адбудуцца паляпшэнні ў сферы дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права. Пра гэта ў інтэрв`ю БелаПАН заявіў новы кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза Дзірк Шубель.

Ён адзначыў, што санкцыі — "гэта частка набору інструментаў палітыкі, які выкарыстоўвае ЕС". "І Беларусь, дарэчы, не адзіная краіна, у дачыненні да якой усё яшчэ дзейнічаюць некаторыя санкцыі, — дадаў Шубель. — Такіх краін шмат, таму што санкцыі — гэта наша магчымасць выказаць нязгоду і крытыку з нагоды сітуацыі з дэмакратыяй і вяршэнствам права ў пэўных краінах".

Еўрапейскі дыпламат нагадаў, што ў адказ на рашэнне Мінска аб вызваленні ўсіх палітычных зняволеных ЕС спачатку прыпыніў, а затым цалкам адмяніў вялікую частку санкцый, якія дзейнічаюць у дачыненні да Беларусі.

"Засталася толькі малая іх частка (эмбарга на пастаўкі ўзбраенняў, забарона на ўезд чатыром фізічным асобам. — БелаПАН.). У рашэнні Савета ЕС, якое было прынятае ў лютым 2016 года, гаворыцца, што для далейшага паляпшэння нашых адносін неабходны значны прагрэс у галіне правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. Гэта датычыцца, у прыватнасці, свабоды сходаў, свабоды слова і СМІ і іншых пытанняў. Калі мы ўбачым далейшы прагрэс у гэтых галінах, я думаю, будзе магчымая і поўная адмена санкцый", — падкрэсліў Шубель.

Першапачаткова ў санкцыйны спіс Еўрасаюза ўваходзілі чатыры беларускія чыноўнікі — Уладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юрый Сівакоў і Дзмітрый Паўлічэнка. Яны, на думку ЕС, датычныя да знікненняў у Беларусі ў 1999—2000 гадах апанентаў улады.

У снежні 2004 года, пасля парламенцкіх выбараў і рэферэндуму, па выніках якога Аляксандр Лукашэнка атрымаў права абірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў, санкцыйны спіс ЕС папоўнілі кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палка міліцыі спецпрызначэння Юрый Падабед.

У 2006 годзе спіс пашырылі да 41 чалавека, якія, на думку ЕС, былі адказныя за парушэнне правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі. У пералік быў уключаны і Аляксандр Лукашэнка.

У кастрычніку 2008-га дзеянне санкцый у дачыненні да Лукашэнкі і яшчэ 35 чыноўнікаў было прыпыненае. Санкцыі былі адноўленыя і пашыраныя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, якія завяршыліся жорсткім разгонам мірнай дэманстрацыі ў Мінску, арыштам апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты і масавымі рэпрэсіямі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці.

На працягу наступных пяці гадоў чорны спіс ЕС неаднаразова мяняўся: некаторых фізічных асоб і прадпрыемствы з яго выключалі, іншых — уносілі. Акрамя гэтага, у 2011 годзе ЕС увёў эмбарга на пастаўкі зброі.

15 лютага 2016 года Савет ЕС прыняў рашэнне зняць абмежавальныя меры ў дачыненні да 170 фізічных асоб і 4 кампаній. Пад санкцыямі засталіся чацвёра — Навумаў, Шэйман, Сівакоў і Паўлічэнка. Таксама было захаванае эмбарга на пастаўкі зброі і забарона на экспарт тавараў для ўнутраных рэпрэсій.

У лютым 2017 года санкцыі былі прадоўжаныя на год. Пры гэтым ЕС дазволіў экспарт у Беларусь біятлоннага рыштунку.

У 2018 і 2019 гадах Савет ЕС працягваў гэтае рашэнне.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239