Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/21/eu_1017661_123456/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 10:49
21.09.2019 09:53 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Новы пасол ЕС у Беларусі: Дакладная дата падпісання візавага пагаднення — пытанне на мільён долараў

Мінск, 21 верасня. Еўрасаюз імкнецца завяршыць унутраныя працэдуры па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму як мага хутчэй, паведаміў у інтэрв`ю БелаПАН новы кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Мінску Дзірк Шубель.

"Думаю, што дакладная дата — гэта пытанне на мільён долараў, — пажартаваў ён. — Найперш я хачу сказаць, што мы вельмі рады таму, што вясной гэтага года змаглі завяршыць перамовы па тэксце пагаднення. Зараз з боку ЕС праходзяць унутраныя працэдуры ўзгаднення".

Паводле яго слоў, завершана ўзгадненне ўнутры еўрапейскіх інстытутаў, цяпер вядзецца праца з дзяржавамі — членамі ЕС.

Як адзначыў дыпламат, пагадненне будзе заключанае, як толькі бакі завершаць усе ўнутраныя працэдуры. Праз два месяцы пасля заключэння дакумент набудзе моц. "Мы спадзяёмся, што гэта адбудзецца як мага хутчэй. Мы ўсе старанна над гэтым працуем", — падкрэсліў Шубель.

Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ЕС і Беларусь вядуць з 2014 года. 12 ліпеня гэтага года Афіцыйны журнал ЕС апублікаваў рашэнне Савета Еўрасаюза аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Прымяняць новы візавы збор пачнуць з 2 лютага 2020 года.

У прадстаўніцтве ЕС у Беларусі БелаПАН раней тлумачылі, што, незалежна ад даты заключэння візавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕС, пасля яго ўступлення ў сілу кошт шэнгенскіх віз для Беларусі складзе 35 еўра. Каментуючы змяненні, унесеныя ў Візавы кодэкс ЕС, у прадстаўніцтве адзначылі, што "павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, устаноўлены ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаныя паміж ЕС і некаторымі трэцімі краінамі, такімі як Расія, Арменія і Азербайджан".

Інтэрв`ю з Дзіркам Шубелем адбылося 19 верасня. 20 верасня стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка ўхваліў падпісанне Беларуссю пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з ЕС.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239