Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/23/ru_1017812_1017813/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:11
23.09.2019 12:14 Палітыка

Лукашэнка: Беларусь апынулася ў гарачай палітычнай кропцы і павінна прымаць меры для сваёй бяспекі

Мінск, 23 верасня. Беларусь апынулася ў гарачай палітычнай кропцы і павінна прымаць меры для сваёй бяспекі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы 23 верасня з дакладам старшыню Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рамана Галоўчанку.

Паводле слоў Лукашэнкі, даклад кіраўніка Дзяржваенпрама не варта ўспрымаць як "бразганне зброяй". "Гаворка ідзе пра тое, што мы, таксама знаходзячыся ў гэтым катле, гарачай палітычнай кропцы, не можам не звяртаць увагу на забеспячэнне сваёй бяспекі. Свет, на жаль, не стаў больш бяспечным. Мы гэта бачым і, вядома, павінны прымаць пэўныя меры", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што пасля разрыву Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці Беларусь апынулася ў цэнтры ўвагі. Ён падкрэсліў, што краіна выступае катэгарычна супраць размяшчэння такога ўзбраення ў Еўропе. "Я ўжо не аднойчы пра гэта казаў", — нагадаў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, 3 верасня на міжнароднай канферэнцыі высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам у Мінску Лукашэнка заклікаў не дапусціць размяшчэння ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. Ён адзначыў, што наступствы адмовы выконваць патрабаванні ДРСМД могуць прывесці да новай вайны.

17 верасня, прымаючы ў Мінску намесніка дзяржсакратара ЗША па палітычных справах Дэвіда Хейла, Лукашэнка адзначыў: нядаўна з'явілася абнадзейваючая інфармацыя пра тое, што ні НАТА, ні Расія не збіраюцца размяшчаць у Еўропе ракеты сярэдняй і меншай далёкасці. "Нас гэта хвалюе, таму што Беларусь з'яўляецца ўдзельнікам дамовы", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён заявіў, што Беларусь ніколі не стане размяшчаць гэтыя ракеты на сваёй тэрыторыі. "У нас няма ні жадання, ні лішніх грошай", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Дамова аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД) была падпісаная ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідарамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.

20 кастрычніка 2018 года амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дамовы з-за яе невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расійскі бок парушыў дамову, стварыўшы ракету 9М729. У Расіі гэтыя абвінавачанні абверглі, вылучыўшы сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дамову парушаюць ЗША, размяшчаючы на аб'ектах ПРА ў Еўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, якія распрацаваны для запуску крылатых ракет далёкасцю 2,4 тыс. км.

У снежні 2018 года ЗША аб'явілі, што выйдуць з дамовы, калі Расія на працягу 60 дзён не вернецца да яе выканання. Дзеянне ўльтыматуму ЗША скончылася 2 лютага гэтага года. У той жа дзень ЗША абвясцілі аб тым, што прыпыняюць свой удзел у ДРСМД.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН