Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/24/ru_1018035_123/
Дата раздрукоўкі: 26.11.2020 02:02
24.09.2019 17:37 Эканоміка, Фінансы

Сусветны банк: Рознагалоссі з урадам па дарожнай карце рэформаў пакуль не знятыя

Мінск, 24 верасня. Сусветны банк і ўрад Беларусі маюць розныя погляды па шэрагу напрамкаў дарожнай карты рэформаў, і гэтыя пытанні патрабуюць дадатковых абмеркаванняў, заявіла рэгіянальны дырэктар банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен 24 верасня ў Мінску на сустрэчы з першым намеснікам прэм'ер-міністра Аляксандрам Турчыным.

Кахканен адзначыла, што ўчора на сустрэчы з рабочай групай па падрыхтоўцы дарожнай карты ўдалося па сутнасці дамовіцца адносна сферы сацыяльнай абароны.

"Мы прайшліся па ключавых пытаннях і пунктах, па якіх няма ўзгаднення і ёсць некаторыя рознагалоссі. Усё яшчэ ёсць шэраг напрамкаў, па якіх у нас адзначаюцца праблемныя моманты і якія патрабуюць дадатковых абмеркаванняў", — прыводзіць словы прадстаўніка Сусветнага банка прэс-служба ўрада.

Паводле слоў Кахканен, пакуль застаюцца розныя погляды на тарыфы па цеплазабеспячэнні, рэформу дзяржаўных прадпрыемстваў, субсідыі, дырэктыўнае крэдытаванне.

У сваю чаргу, Аляксандр Турчын заявіў, што ўрад нацэлены на рэальнае выкананне дарожнай карты павышэння эфектыўнасці нацыянальнай эканомікі. "Мы разумеем тыя праблемы, якія ў нас ёсць, і настроеныя на іх вырашэнне, не адкладаючы і пачынаючы гэта з наступнага года і наступнай пяцігодкі. Мы павінны зараз распрацаваць два вялікія праграмныя дакументы — праграма на наступную пяцігодку і нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2035 года. Упэўнены, што вельмі многія рэчы, якія ёсць у нашай дарожнай карце, знойдуць сваё адлюстраванне ў гэтых праграмных дакументах", — сказаў Турчын.

Першы віцэ-прэм'ер прапанаваў абмеркаваць пытанні, якія застаюцца нявырашанымі па дарожнай карце павышэння эфектыўнасці эканомікі. "Урад зацікаўлены ў больш хуткім вырашэнні наяўных праблем, але мы досыць рэальна ацэньваем нашы магчымасці, — сказаў Турчын, каментуючы тэрміны выканання мерапрыемстваў дарожнай карты. — Ва ўрада няма жадання нешта напісаць на паперы, максімальна зрушыць тэрміны ў нявызначанасць, каб потым гэтым не займацца. Калі мы падыдзем да таго, што пункты будуць узгодненыя, мы настроеныя іх выконваць".

Ён звярнуў увагу, што толькі адну меру прапануецца рэалізаваць праз 5-6 гадоў — гэта поўная аплата насельніцтвам паслуг па цеплазабеспячэнні, спатрэбіцца абмеркаванне і ўзгадненне гэтага пытання на самым высокім узроўні. Па астатніх мерапрыемствах такіх працяглых тэрмінаў няма.

Варта зазначыць, што ў 2015 годзе беларускія ўлады ўжо рыхтавалі з Сусветным банкам дарожную карту структурных рэформаў. Дакумент стаў асновай для перамоваў Беларусі з МВФ, якія праходзілі ў 2015—2017 гадах. У сярэдзіне 2017 года МВФ заявіў, што перамовы пастаўленыя на паўзу, паколькі дасягнуць дамоўленасцяў з беларускімі ўладамі па прынцыповых пытаннях, у тым ліку аб рэфармаванні дзяржсектара і тарыфах на паслугі ЖКГ, не ўдалося.

29 чэрвеня 2019 года кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Алекс Крэмер у афіцыйным блогу СБ заявіў пра тое, што ў Беларусі наспела "пільная патрэба структурных эканамічных рэформаў".

Ён зазначыў, што ў найбліжэйшыя гады эканамічная сітуацыя можа істотна пагоршыцца, калі Беларусь не дамовіцца з Расіяй аб кампенсацыі па "падатковым манеўры". У прыватнасці, прагназуе МВФ, калі краіна не атрымае кампенсацыю ад Расіі за "падатковы манеўр", то Беларусі неабходна будзе знайсці спосаб прыцягнуць 1,5 млрд долараў у 2021 годзе, а ў 2022 годзе гэтая сума павялічыцца да 2 млрд долараў. Дзярждоўг, паводле прагнозаў, вырасце з 55% ВУП да 70% у 2019—2023 гадах.

На думку Крэмера, самай важнай задачай з'яўляецца рэструктурызацыя сектара дзяржпрадпрыемстваў, якая прадугледжвае некалькі ключавых момантаў. Па-першае, варта пакінуць прыбытковыя дзяржпрадпрыемствы ў дзяржаўнай уласнасці або прыватызаваць іх празрыстым чынам і па справядлівых рынкавых цэнах. Па-другое, пакінуць пастаўшчыкоў дзяржпаслуг і рэгулятараў дзяржаўнымі, але дакладна вызначыць, што яны павінны даць у абмен на дзяржаўныя сродкі. Па-трэцяе, рэструктурызаваць стратныя дзяржпрадпрыемствы, якія можна было б хутка зрабіць прыбытковымі, забяспечыўшы добрую аддачу ад дадатковых інвестыцый. "Астатнія прадпрыемствы закрыць ці прыватызаваць", — лічыць Крэмер.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239