Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/25/ru_1018015_1018028_123/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 11:19
25.09.2019 07:05 Грамадства

У Мінску пачынаюць судзіць анархіста Дзмітрыя Паліенку

Мінск, 25 верасня. Працэс над 25-гадовым анархістам Дзмітрыем Паліенкам павінен пачацца сёння ў 10.00 у Мінгарсудзе. Ён пройдзе ў закрытым рэжыме, паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.

На якой падставе працэс вырашана зрабіць закрытым, суддзя павінен аб'явіць перад пачаткам слуханняў.

Дзмітрый Паліенка пераследуецца ўладамі ўжо больш за тры гады. Першы раз ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу "Крытычная маса" ў красавіку 2016 года ў Мінску. Яго абвінавацілі ў "гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў" — за тое, што ён парваў куртку міліцыянеру. У кастрычніку 2016 года суд прыгаварыў Паліенку да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на два гады. У красавіку 2017-га адтэрміноўка была адмененая ў сувязі з неаднаразовым прыцягненнем Паліенкі да адміністрацыйнай адказнасці — актывіста змясцілі ў папраўчую калонію № 2 Бабруйска. Пасля гэтага беларускія праваабаронцы прызналі Паліенку палітвязнем.

З калоніі ён вызваліўся 24 кастрычніка 2018 года, але 20 сакавіка 2019-га зноў быў затрыманы — паводле падазрэння ва ўчыненні асабліва злоснага хуліганства. Як паведамляў СК, Паліенка нібыта распыліў газ з газавага балончыка ў твар мужчыну, які зрабіў яму заўвагу з нагоды курэння ў пад'ездзе. Паведамлялася таксама, што па месцы жыхарства затрыманага быў праведзены вобшук.

5 красавіка Паліенку было выстаўленае абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), апаганьванне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341) і распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130).

2 ліпеня стала вядома, што крымінальная справа перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд. 12 ліпеня яе вярнулі ў аддзел СК Заводскага раёна Мінска для правядзення дадатковага папярэдняга расследавання ў адпаведнасці з арт. 264 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, паведаміла прэс-служба пракуратуры Мінска.

Паліенку было выстаўленае яшчэ адно абвінавачванне па арт. 341 КК (за графіці ў Курапатах), а таксама абвінавачванне па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) — за абразу былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Выстаўленае ў красавіку абвінавачанне па арт. 341 КК тычылася эпізоду з нанясеннем графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Мінска. Крымінальную справу СК распачаў 23 студзеня гэтага года. Акрамя Паліенкі фігурантамі гэтай справы з'яўляюцца моладзевыя актывісты Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.

Увесь час пасля затрымання Паліенка знаходзіцца пад вартай. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у пачатку верасня актывіст быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе трымаў тыднёвую галадоўку.

23 верасня сем праваабарончых арганізацый Беларусі выступілі са зваротам, у якім запатрабавалі ад уладаў адкрытага судовага разбору па справе маладога анархіста. Праваабаронцы адзначаюць, што некаторыя з выстаўленых Паліенку абвінавачванняў "з'яўляюцца недапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання" і ствараюць небяспечныя формы пераследу грамадзян за публічную крытыку прадстаўнікоў улады.

У звароце адзначаецца, што ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах "кожны мае права пры разглядзе любога крымінальнага абвінавачання, якое яму выстаўляецца, на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона".

Аўтары звароту таксама нагадваюць, што паводле нормаў міжнароднай праваабарончай супольнасці парушэнне права на справядлівы судовы разбор пры наяўнасці палітычных матываў крымінальнага пераследу з'яўляецца падставай для прызнання такіх асоб палітычнымі вязнямі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239