Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/26/eu_1018147_123456/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:26
26.09.2019 08:04 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Пасол Хутэрэр: Для дзелавых колаў Германіі Беларусь з`яўляецца цікавым растучым рынкам

Мінск, 26 верасня. Германія прапаноўвае сябе Беларусі ў ролі партнёра па інвестыцыях і тэхналогіях і гатова аказаць падтрымку ў дыверсіфікацыі беларускай эканомікі, заявіў у інтэрв`ю БелаПАН новы пасол ФРГ Манфрэд Хутэрэр.

Паводле яго слоў, для дзелавых колаў Германіі Беларусь з`яўляецца "цікавым растучым рынкам". "У гэтай плоскасці важным было б развіццё сярэдняга класа, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у прамысловасці, каб яны маглі выступаць у якасці партнёраў", — сказаў дыпламат.

У цэлым жа, згодна з яго ацэнкай, эканамічныя адносіны Беларусі і Германіі развіваюцца добра. "Для Беларусі Германія з`яўляецца чацвёртым па аб`ёме гандлёвым партнёрам. У апошнія дзесяцігоддзі двухбаковы тавараабарот значна вагаўся, але зараз мы дасягнулі дынамічнага росту ў гандлі. Мінулы год стаў годам самых буйных нямецкіх інвестыцый у Беларусь, асабліва ў сферы дрэваапрацоўкі і лагістыкі", — заўважыў Хутэрэр.

"Вядома, заўсёды ёсць патэнцыял для развіцця, — дадаў ён. — Калі мы хочам, каб больш нямецкіх кампаній інвеставалі ў Беларусь, неабходна паляпшаць рамачныя ўмовы, заканадаўства".

Паводле даных пасольства Германіі, у Беларусі працуе 300 прадпрыемстваў з нямецкім капіталам. "Шматлікія нямецкія кампаніі працуюць ужо на працягу 20 гадоў, іх праца ўвасабляе сабой якасць і працягласць. Гэта сведчыць аб тым, што яны прыйшлі сюды не ў пошуках хуткіх грошай — яны нацэлены на доўгатэрміновую працу", — падкрэсліў Хутэрэр.

Перавагамі Беларусі ён лічыць блізкасць да Еўрасаюза, удзел у ЕАЭС і наяўнасць адукаваных высокакваліфікаваных спецыялістаў. "Адной са сваіх важных задач я лічу пазнаёміць нямецкія прадпрыемствы з такой перспектыўнай пляцоўкай, як Беларусь, якая з`яўляецца цікавым растучым рынкам", — сказаў Хутэрэр.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на візіт у Мінск 25—27 верасня дзяржсакратара Міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі Ульрыха Нусбаўма.

"Ён прыедзе ў Мінск у суправаджэнні вялікай дэлегацыі нямецкіх прадпрымальнікаў. З 2009 года гэта першы візіт такога ўзроўню і з такой колькасцю ўдзельнікаў, — заўважыў пасол. — Яны прымуць удзел у штогадовым Дні нямецкай эканомікі, які ў гэтым годзе праходзіць ужо дзясяты раз. Дзень нямецкай эканомікі праводзіцца для таго, каб асвяціць актуальныя тэмы беларуска-нямецкіх адносін, ацаніць шанцы на іх паглыбленне. Пры гэтым мы ставім сабе мэтай дасягненне актыўнага эканамічнага дыялогу паміж урадамі і грамадскасцю абедзвюх краін".

Хутэрэр таксама паведаміў, што падчас сёлетняга Дня эканомікі Германіі 26 верасня будзе прадстаўлена даследаванне кансультацыйнай кампаніі "Берлін эканомікс", якая ацэньвала магчымасці паляпшэння інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН