Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/26/eu_1018152_123456/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 15:37
26.09.2019 08:05 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Новы пасол Германіі бачыць "пэўны прагрэс Беларусі" ў сферы дэмакратыі і правоў чалавека ў апошнія гады

Мінск, 26 верасня. Дэмакратыя, правы чалавека і вяршэнства права — важныя для Германіі пытанні ў адносінах з Беларуссю, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН новы пасол ФРГ Манфрэд Хутэрэр.

"Разам з нашымі партнёрамі па ЕС мы вядзем з беларускім урадам і грамадзянскай супольнасцю дыялог па гэтых тэмах, — адзначыў ён. — Свабода слова, свабода сходаў, свабода асацыяцый важныя для нас, бо толькі пры выкананні гэтых прынцыпаў забяспечваецца дачыненне грамадзян да грамадскай дыскусіі , іх удзел у палітычных працэсах у краіне".

Не сакрэт, што па гэтых пытаннях у ЕС і ўлад Беларусі "погляды не заўсёды супадаюць", дадаў пасол. "Але ўсё ж я бачу крокі наперад, пэўны прагрэс Беларусі ў гэтых абласцях за апошнія гады, —падкрэсліў Хутэрэр. — У 2012—2015 гадах я ўзначальваў у МЗС Германіі аддзел, які адказвае за Расію, Беларусь, Украіну і іншыя краіны Усходняга партнёрства. За гэты час я бачыў шмат розных момантаў у адносінах з Беларуссю, былі і цяжкія. Для мяне вельмі станоўчым з'яўляецца тое, што за апошнія гады гэтыя адносіны палепшыліся".

Сярод такіх станоўчых зменаў новы пасол назваў больш актыўнае прыцягненне грамадзянскай супольнасці да дыялогу паміж ЕС і Беларуссю, у тым ліку ўдзел яго прадстаўнікоў у дыялогу па правах чалавека. "Факт удзелу грамадзянскай супольнасці ў гэтых дыялогах я лічу рэальным прагрэсам", — заявіў Хутэрэр.

Ён выказаў надзею на хуткае падпісанне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС. "Мы таксама спадзяёмся, што будуць падпісаныя і Прыярытэты партнёрства, а затым прыйдзе час, калі нам трэба будзе абдумаць заключэнне базавага пагаднення аб супрацоўніцтве паміж ЕС і Беларуссю", — дадаў нямецкі дыпламат.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН