Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/26/eu_1018156_123456/
Дата раздрукоўкі: 14.12.2019 06:35
26.09.2019 08:06 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Новы пасол Германіі: Абмяркоўваецца магчымасць адкрыцця ў Беларусі філіялаў нямецкіх палітычных фондаў

Мінск, 26 верасня. Германія абмяркоўвае з беларускім урадам магчымасць адкрыцця ў Беларусі філіялаў нямецкіх палітычных фондаў, у тым ліку фондаў імя Конрада Адэнаўэра і Фрыдрыха Эберта, паведаміў у інтэрв'ю БелаПАН новы пасол ФРГ Манфрэд Хутэрэр.

"Спадзяюся, у сярэднетэрміновай перспектыве тут могуць быць адкрытыя філіялы гэтых фондаў, — сказаў ён. — Абодва фонды рэалізоўваюць у Беларусі добрыя праграмы, нягледзячы на тое, што тут няма іх прадстаўніцтваў".

У прыватнасці, адзначыў Хутэрэр, у пачатку кастрычніка ў Мінску пры садзейнічанні фондаў Адэнаўэра і Эберта плануецца правесці міжнародную канферэнцыю "Мінскага дыялогу" па бяспецы.

"Абодва гэтыя фонды рэгулярна прывозяць у Мінск дэпутатаў Бундэстага, якія прыязджаюць сюды з адукацыйнымі мэтамі, для правядзення палітычнага дыялогу і дыскусій, — сказаў дыпламат. — Фонды таксама размяркоўваюць тут стыпендыі для навучання ў Германіі. У мяне склалася ўражанне, што рэзананс ад дзейнасці гэтых фондаў выключна станоўчы у беларускім грамадстве".

Нямецкія палітычныя фонды заснаваныя партыямі, але фактычна з'яўляюцца незалежнымі. Самыя буйныя з іх маюць прадстаўніцтвы ў розных федэральных землях Германіі і ў многіх краінах. Сваімі мэтамі яны дэкларуюць садзейнічанне развіццю дыялогу паміж краінамі Захаду і былым СССР, а таксама азнаямленне з вопытам пабудовы прававой дзяржавы і дэмакратыі.

Прадстаўніцтва фонду імя Фрыдрыха Эберта ў Беларусі было адкрыта ў 1997 годзе, але затым трапіла ў чорны спіс арганізацый, якія, паводле версіі КДБ, вялі падрыўную дзейнасць супраць Беларусі, і вымушана было закрыцца. У 2008 годзе фонд Эберта атрымаў дазвол беларускага МЗС на працяг працы свайго бюро ў Мінску. У 2011 годзе ўлады адмовіліся прадоўжыць гэты дазвол без тлумачэння прычын.

Фонд імя Конрада Адэнаўэра рабіў спробу рэгістрацыі ў Беларусі ў 2004 годзе, але атрымаў адмову.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН