Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/26/ru_1018138_123/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:42
26.09.2019 08:00 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Новы пасол Германіі: Мы зацікаўленыя ў моцнай, незалежнай, стабільнай і росквітнай Беларусі

Мінск, 26 верасня. Германія зацікаўленая ў моцнай, незалежнай, стабільнай і росквітнай Беларусі, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН новы пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр, які прыбыў у Мінск у ліпені.

Яго папярэднік Петэр Дэтмар працаваў у Беларусі з восені 2015 года і пакінуў краіну ў чэрвені гэтага ў сувязі з заканчэннем сваіх дыпламатычных паўнамоцтваў.

"Апошнімі гадамі адносіны паміж Германіяй і Беларуссю развіваліся вельмі пазітыўна на ўсіх узроўнях — палітычным, эканамічным, культурным. Сваю задачу пасла я бачу ў тым, каб захаваць і паглыбіць гэтую дынаміку", — сказаў дыпламат.

На яго думку, далейшага развіцця беларуска-германскіх адносін і ўмацавання даверу паміж краінамі "можна дамагчыся толькі з дапамогай супрацоўніцтва і кантактаў паміж людзьмі".

"Мне здаецца, што беларусы значна больш ведаюць пра Германію, чым немцы — пра Беларусь. У Германіі дагэтуль вядома занадта мала пра развіццё Беларусі, патэнцыял для супрацоўніцтва, — адзначыў Хутэрэр. — І як пасол я хачу зрабіць свой унёсак у тое, каб сюды прыехала шмат нямецкіх дэлегацый, каб яны на свае вочы пабачылі развіццё вашай краіны. Мне здаецца, нам трэба свайго роду цікаўнасць, дапытлівасць у дачыненні адзін да аднаго".

Паводле слоў дыпламата, яго заўсёды захапляла "адмысловая адкрытасць і сапраўдная сардэчнасць" беларусаў. "Дзіўны той факт, што беларусы менавіта да нас, немцаў, ставяцца так непрадузята, улічваючы тыя жудасныя злачынствы, якія немцы ўчынілі ў Беларусі ў XX стагоддзі і колькі пакут прынеслі, — сказаў Хутэрэр. — Дзякуючы сваёй працы я жыў і працаваў у вельмі розных краінах, але нідзе людзі не былі такімі адкрытымі і сардэчнымі, як тут, у Беларусі. Думаю, што менавіта гэта і з'яўляецца стымулам для нас яшчэ больш знаёміцца з вашай краінай, зразумець яе ідэнтычнасць, займацца развіццём адносін".

Пасол расказаў, што нядаўна набыў пяцітомнае выданне Нацыянальнай акадэміі навук "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці". "Даволі амбіцыйная задача ўсё гэта прачытаць, але я маю намер, калі будзе час, прачытаць і гэтае выданне, і іншыя кнігі на гістарычную тэму", — сказаў ён.

"Я вельмі рады таму, што нам удалося стварыць двухбаковую гістарычную камісію, першае пасяджэнне якой пройдзе ў канцы студзеня 2020 года ў Берліне. Стварэнне камісіі — гэта вынік рэалізацыі той ідэі, якую федэральны прэзідэнт Штайнмаер выказаў на сустрэчы з прэзідэнтам Лукашэнкам падчас візіту ў Мінск у 2018 годзе", — заўважыў Хутэрэр.

Франк-Вальтэр Штайнмаер наведаў Беларусь у чэрвені мінулага года. Ён узяў удзел у міжнароднай канферэнцыі "Памятаць дзеля агульнай еўрапейскай будучыні" ў Мінску і цырымоніі адкрыцця мемарыяла на месцы канцлагера ў Трасцянцы.

Поўны тэкст інтэрв'ю з паслом Германіі публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН