Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/26/ru_1018140_123/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:22
26.09.2019 08:01 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Новы пасол Германіі: Беларусь для нас — важны партнёр у сферы бяспекі, міру і стабільнасці ў Еўропе

Мінск, 26 верасня. Для Германіі і ЕС Беларусь з'яўляецца вельмі важным партнёрам у галіне бяспекі, міру і стабільнасці ў Еўропе, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН новы пасол Германіі Манфрэд Хутэрэр, які прыбыў у Мінск у ліпені.

"Ваша ўраўнаважаная, збалансаваная, канструктыўная пазіцыя што да канфлікту вакол Украіны, а таксама арганізацыя пляцоўкі для мірных перамоваў па гэтым канфлікце прынеслі Беларусі вельмі вялікую павагу", — падкрэсліў дыпламат.

На просьбу пракаментаваць прапанову прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб правядзенні да канца верасня сустрэчы ў "нармандскім фармаце" на высокім узроўні, Хутэрэр адказаў: "Я за гэтай сітуацыяй сачу ўважліва ўсе апошнія гады. Гэты канфлікт трэба вырашыць абавязкова. Ведаю і пра гэтую заяву прэзідэнта Украіны. Павінен сказаць, што з таго часу, як ён знаходзіцца на сваёй пасадзе, мы адзначаем паляпшэнне атмасферы, што вельмі важна для выканання Мінскіх дамоўленасцяў".

Паводле слоў Хутэрэра, Германія зацікаўленая ў правядзенні саміту "нармандскай чацвёркі" як мага хутчэй. "Спадзяемся, што гэта адбудзецца ў найбліжэйшыя тыдні, каб выкарыстаць станоўчы момант і дамагчыся пэўнага прагрэсу. Што тычыцца месца правядзення, то пакуль, наколькі мне вядома, у якасці такога месца разглядаецца Парыж", — адзначыў ён.

Дыпламат падкрэсліў, што акрамя пазіцыі Беларусі па канфлікце ва Украіне Германія высока цэніць актыўную ролю Мінска ў далейшым развіцці Усходняга партнёрства і яго пазіцыю па пытаннях кантролю над узбраеннямі, дээскалацыі канфліктаў і мер, накіраваных на ўмацаванне даверу.

"І я лічу, што ўсё гэта таксама адносіцца да тых сфер, у якіх нам трэба ўмацоўваць наш дыялог. Некалькі дзён таму прэзідэнт Лукашэнка заявіў аб тым, што не дапусціць размяшчэння ракет на тэрыторыі Беларусі. Лічу, што гэта важны сігнал, які быў расцэнены вельмі станоўча. На фоне таго факту, што сітуацыя ў сферы палітыкі бяспекі ў Еўропе пагоршылася, пазіцыя Беларусі, арыентаваная на дээскалацыю канфліктаў, на разрадку і на пабудову даверу, для нас вельмі каштоўная", — заявіў пасол.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН