Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/09/27/ru_1018473_1018474/
Дата раздрукоўкі: 16.10.2019 03:06
27.09.2019 14:48 Эканоміка

Віцэ-міністр энергетыкі Казахстана: Умовы пастаўкі ў Беларусь нафты наўрад ці будуць узгодненыя да візіту Лукашэнкі ў Нур-Султан

Мінск, 27 верасня. Пагадненне аб пастаўках казахстанскай нафты і нафтапрадуктаў на беларускі рынак можа быць падпісанае да канца года, паведаміў віцэ-міністр энергетыкі Казахстана Асет Магауаў, гутарачы з журналістамі падчас форуму "Казэнерджы" 27 верасня ў Нур-Султане.

"Можна сказаць, што да канца года падпішам, не думаю, што гэта пытанне наступнага года. Мы павінны з беларускім бокам відэа-канферэнц-сувязь правесці і пастарацца пытанні зняць", — цытуе віцэ-міністра казахстанскі дзелавы партал "Курсив" (камерцыйны партнёр The Wall Street Journal).

Раней казахстанскія СМІ паведамлялі аб тым, што пагадненне аб пастаўках 3,5 млн тон казахстанскіх нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь можа быць заключана ў кастрычніку падчас візіту ў Казахстан Аляксандра Лукашэнкі. Магауаў не пацвердзіў гэтую інфармацыю.

Паводле яго слоў, тэкст дакумента ў цэлым узгоднены паміж міністэрствамі энергетыкі дзвюх краін і кампаніяй "Белнафтахім", аднак "застаецца пара пытанняў". "Адно з якіх тычыцца гатоўнасці Мінска ўзяць на сябе абавязацельствы па недапушчэнні рээкспарту казахстанскіх вуглевадародаў у трэція краіны", — дадаў віцэ-міністр.

Узнікаюць пытанні па механізме рэалізацыі гэтага абавязацельства, паколькі Мінск імпартуе і расійскія нафтапрадукты, растлумачыў Магауаў. "Па адной трубе ўся нафта прыйдзе, з аднаго завода выйдзе — як падзелім? Але мы хочам, каб былі хоць бы рамачныя абавязацельствы, а там далей ужо па механізме можна будзе думаць", — сказаў казахстанскі чыноўнік. У сувязі з гэтым, паводле яго слоў, падпісаць гэта пагадненне ў кастрычніку "будзе цяжкавата", паколькі нават у выпадку ўзгаднення механізму недапушчэння рээкспарту паміж міністэрствамі энергетыкі дзвюх краін неабходна яшчэ прайсці ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне.

Магауаў таксама паведаміў, што Беларусь праяўляе цікавасць не толькі да паставак нафты, але і да пастаўкі прадуктаў, магчымых для перапрацоўкі, такіх як газойль і мазут. З сумарнага аб'ёму патэнцыяльнага экспарту ў Беларусь палову, паводле яго ацэнак, складзе нафта, астатнюю частку — цёмныя нафтапрадукты, якія таксама разглядаюцца як сыравіна для далейшай перапрацоўкі.

16 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў паведаміў, што да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Нур-Султан, які плануецца ў кастрычніку (дата пакуль не названая), можа быць падпісанае пагадненне аб пастаўках нафты з Казахстана.

Інфармацыю пра тое, што Беларусь плануе імпартаваць нафту з Казахстана, пацвердзіў 17 верасня намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" Уладзімір Сізоў. "Цяпер вядзецца падрыхтоўка міжурадавага пагаднення, якое будзе рэгуляваць пытанне, звязанае з дастаўкай сыравіны з Казахстана на беларускія НПЗ, — сказаў ён журналістам у Мінску. — Аб'ёмы залежаць ад дамоўленасцяў суб'ектаў гаспадарання і эканамічнай мэтазгоднасці".

Паводле слоў Сізова, "дастаўка казахстанскай нафты магчымая з дапамогай выкарыстання магістральных нафтаправодаў, а таксама чыгункі". Ён адзначыў, што ў Беларусі "ўжо быў вопыт выкарыстання чыгункі для дастаўкі казахстанскай сыравіны і загрузкі другасных працэсаў НПЗ" — у пачатку 2000-х гадоў.

У красавіку гэтага года Беларусь, якая імпартуе пакуль толькі расійскую нафту, сутыкнулася з рэзкім пагаршэннем яе якасці, у сувязі з чым вымушаная была на некаторы час прыпыніць імпарт вуглевадароднай сыравіны і скараціць экспарт нафтапрадуктаў. Цяпер імпарт расійскай нафты адноўлены.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН