Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/01/ru_1018793_123/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:22
01.10.2019 09:32 Палітыка

Макей: У размяшчэнні расійскай базы няма ні практычнага, ні палітычнага, ні ваеннага сэнсу

Мінск, 1 кастрычніка. У размяшчэнні расійскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі "няма ні практычнага, ні палітычнага, ні ваеннага сэнсу", заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю расійскаму агенцтву РБК, якое апублікаванае 1 кастрычніка на сайце МЗС.

Такім чынам Макей адрэагаваў на выказванні свайго расійскага калегі Сяргея Лаўрова пра тое, што адмова Беларусі размяшчаць расійскую ваенную базу з'яўляецца "непрыемным эпізодам" (у інтэрв'ю газеце "КоммерсантЪ").

"Па-першае, што тычыцца каментарыя майго калегі Сяргея Лаўрова, то, напэўна, лепш звярнуцца да яго, каб удакладніць, што ён меў на ўвазе, кажучы такім чынам", — прапанаваў Макей.

"Што тычыцца прыняцця самога рашэння па размяшчэнні ці не размяшчэнні базы, таго ці іншага ваеннага аб'екта ў Беларусі і магчымага ўплыву знешніх сіл на прыняцце гэтага рашэння, хачу сказаць адназначна: ніколі Беларусь не будзе прымаць нейкае прынцыповае рашэнне пад уплывам нейкіх вонкавых сіл. Калі кіраўніцтва Беларусі прымае рашэнне, то толькі зыходзячы з аналізу адпаведнасці гэтага нашым нацыянальным інтарэсам. Гэта асноўны прынцып", — падкрэсліў Макей.

"Што тычыцца самой прапановы — размяшчаць або не размяшчаць базу на тэрыторыі Беларусі, — працягнуў міністр, — то з улікам развіцця сучасных тэхналогій няма сэнсу ў такім рашэнні".

"Калі б Беларусь размясціла на сваёй тэрыторыі нейкія дадатковыя ваенныя аб'екты, я не думаю, што гэта спрыяла б умацаванню стабільнасці, бяспекі ў нашым рэгіёне", — лічыць Макей.

"І потым, навошта размяшчаць на тэрыторыі Беларусі дадатковыя ваенныя аб'екты — ваенна-паветраную базу, пра якую ішла гаворка, — калі сёння тыя ж самыя ракеты могуць літаральна за лічаныя хвіліны дасягнуць іншага кантынента, зваротнага боку нашай планеты", — сказаў кіраўнік МЗС.

Паводле яго слоў, пытанне размяшчэння базы на парадку дня адносінаў з Расіяй не стаіць.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН