Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/01/ru_1018929_1018930/
Дата раздрукоўкі: 06.12.2019 05:32
01.10.2019 20:16 Палітыка

Кантактная група ў Мінску ўзгадніла "формулу Штайнмаера"

Мінск, 1 кастрычніка. Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны 1 кастрычніка ў Мінску ўзгадніла "формулу Штайнмаера". Пра гэта паведаміў журналістам спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік на брыфінгу па выніках чарговага раўнда перамоў ТКГ.

"У цэнтры сённяшніх дыскусій як у ТКГ, так і ў палітычнай працоўнай групе была "формула Штайнмаера". Па рэкамендацыі палітычных дарадцаў "нармандскай чацвёркі" ад 11 верасня сёння члены ТКГ і прадстаўнікі АРЛВ і АРДВ (асобныя раёны Луганскай і Данецкай абласцей. — БелаПАН.) лістамі ў мой адрас пацвердзілі тэкст "формулы Штайнмаера" пра імплементацыю ўкраінскага заканадаўства. Тэкст быў узгоднены гэтымі ж дарадцамі ў "нармандскім фармаце", — сказаў ён.

"Формула Штайнмаера" названа па імені былога кіраўніка МЗС Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера, які цяпер займае пасаду прэзідэнта ФРГ. Яна мае на ўвазе наданне на часовай аснове асаблівага статусу тэрыторыям, кантраляваным самаабвешчанымі ДНР і ЛНР, да правядзення там выбараў. На пастаяннай аснове ён пачне дзейнічаць пасля публікацыі справаздачы БДІПЧ АБСЕ, якая пацвярджае дэмакратычнасць і легітымнасць вынікаў галасавання.

12 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў правесці да канца верасня сустрэчу ў "нармандскім фармаце", каб абмеркаваць з кіраўнікамі краін — удзельніц гэтага фармату ўсе пункты мінскіх дамоўленасцяў. 18 верасня міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў, што ў Расіі і Украіны няма рознагалоссяў наконт "формулы Штайнмаера". Пры гэтым украінскія СМІ адзначаюць, што РФ патрабуе ад Украіны афіцыйнага пісьмовага пацвярджэння "формулы Штайнмаера" як умовы для "нармандскай" сустрэчы на вышэйшым узроўні.

Раней, у ліпені, прэзідэнт Украіны прапаноўваў прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну правесці сустрэчу ў пашыраным "нармандскім фармаце" (з удзелам кіраўнікоў ЗША і Вялікабрытаніі) у Мінску.

Аляксандр Лукашэнка 26 верасня на прэс-канферэнцыі для ўкраінскіх СМІ ў Мінску заявіў, што вырашыць канфлікт на Данбасе павінны сумеснымі намаганнямі Украіна, Расія і Беларусь. "Я назіраю: "формула Штайнмаера", яшчэ там нейкія формулы... Слухайце, забудзьцеся вы пра ўсе формулы, сядзьце на Украіне, вызначыцеся. І той, хто хоча міру, паклічце іх, у тым ліку і беларусаў і гэтак далей. Я казаў, што мы, тры славянскія народы, павінны вырашыць гэты канфлікт. Вось проста сесці і вырашыць, таму што гэта ў нашым доме". Лукашэнка растлумачыў, што такая прапанова не знайшла водгуку ва ўкраінскага кіраўніцтва і таму ён стаў гаварыць пра тое, што да ўрэгулявання канфлікту магчыма варта падключаць ЗША.

"Нармандскі фармат" — перамоўная група, якая складаецца з кіраўнікоў Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту на ўсходзе Украіны. Апошні раз на ўзроўні прэзідэнтаў група сустракалася ў Берліне ў кастрычніку 2016 года.

У Мінску перамовы па Украіне ў "нармандскім фармаце" на вышэйшым узроўні прайшлі 11—12 лютага 2015 года з удзелам прэзідэнтаў Украіны, Расіі, Францыі і канцлера ФРГ.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН