Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/02/ru_1019106_123/
Дата раздрукоўкі: 15.10.2019 09:07
02.10.2019 19:41 Палітыка, Эканоміка, Фінансы

Беларусь дамаглася павелічэння сваёй долі пры размеркаванні мытных пошлін у ЕАЭС

Мінск, 2 кастрычніка. Доля Беларусі пры размеркаванні ўвазных мытных пошлін у Еўразійскім эканамічным саюзе вырасце з цяперашніх 4,56% да 4,86%. Новыя памеры нарматываў размеркавання сум увазных мытных пошлін паміж бюджэтамі дзяржаў — членаў ЕАЭС узгоднены на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 1 кастрычніка ў Ерэване.

Падпісаны пратакол аб унясенні зменаў у Дагавор аб ЕАЭС, а таксама аб змяненні і спыненні дзеяння асобных міжнародных дагавораў з 1 студзеня 2020 года, паведамляе прэс-служба Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Згодна з пратаколам нарматывы размеркавання сум увазных мытных пошлін для кожнай дзяржавы-члена ўсталёўваюцца ў наступных памерах: Арменія — 1,220%; Беларусь — 4,860%; Казахстан — 6,955%; Кыргызстан — 1,900%; Расійская Федэрацыя — 85,065%.

"Дамовіліся, што нарматыў для нас павялічыцца на 0,3%. Гэта будзе 4,86%, калі браць агульную суму, калі ў грошах, гэта прыкладна 40-50 мільёнаў долараў дадатковых паступленняў у беларускі бюджэт. Мы лічым, што гэта пэўная перамога", — сказаў міністр эканомікі Дзмітрый Крутой у эфіры тэлеканала ОНТ.

Палажэнні пратакола будуць прымяняцца дзяржавамі-членамі з 1 студзеня 2020 года.

Варта зазначыць, што ўвазныя мытныя пошліны паміж бюджэтамі дзяржаў — членаў спачатку Мытнага саюза, а затым Еўразійскага эканамічнага саюза размяркоўваюцца з 2010 года. З пачатку функцыянавання ЕАЭС (2015) сальда разлікаў для Беларусі стала адмоўным, што неаднаразова даводзілася да ЕЭК з прапановай пералічыць дзейныя нарматывы размеркавання.

"Нас задавальняе існуючая схема размеркавання сум увазных пошлін паміж бюджэтамі дзяржаў — членаў саюза. Дзяржавы-члены спаганяюць увазныя мытныя пошліны пры ўвозе тавараў на сваю тэрыторыю, а затым размяркоўваюць іх па устаноўленых нарматывах паміж бюджэтамі. Нас не задавальняе сума ўвазных мытных пошлін, што залічваюцца ў наш бюджэт (яны паступаюць ад іншых дзяржаў-членаў), якая, у сваю чаргу, залежыць ад памеру нарматыву размеркавання, устаноўленага для Беларусі", — тлумачыў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка ў інтэрв'ю газеце "Звязда" ў сакавіку бягучага года.

"Для Расіі таксама складваецца адмоўнае сальда разлікаў, а Арменія, Казахстан і Кыргызстан маюць станоўчае сальда разлікаў і фактычна атрымліваюць дадатковыя прыбыткі за кошт увазных мытных пошлін, частка якіх павінна залічвацца ў бюджэт Беларусі", — падкрэсліваў віцэ-прэм'ер.

Падпісаны 11 красавіка 2017 года ў Маскве пратакол аб унясенні зменаў у пагадненне аб далучэнні Кыргызстана да Дагавора аб ЕАЭС вызначыў нарматывы размеркавання сум увазных мытных пошлін для кожнай дзяржавы — члена саюза: Арменія — 1,22%, Беларусь — 4,56%, Казахстан — 7,055%, Кыргызстан — 1,9%, Расія — 85,265%.

Яшчэ адзін пратакол, падпісаны 14 мая 2018 года ў Сочы, працягвае да 31 снежня 2019 года тэрмін прымянення дзейных нарматываў размеркавання сум увазных мытных пошлін.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН