Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/03/eu_1019055_778899/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 00:56
03.10.2019 08:40 Палітыка, Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

Пасол Вялікабрытаніі: У пытанні адмены смяротнага пакарання ўрад павінен выказаць палітычную волю

Мінск, 3 кастрычніка. У пытанні адмены смяротнага пакарання ўрад павінен выказаць палітычную волю, перакананая новы пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Жаклін Перкінс.

У інтэрв'ю БелаПАН яна адзначыла: брытанскае пасольства і ў далейшым мае намер прапагандаваць ідэю адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, але пакуль абмяркоўвае, у якім фармаце гэта рабіць.

"Мы плануем працягваць гэтую працу, аднак хочам абмеркаваць фармат, таму што праведзена ўжо шмат семінараў і канферэнцый па абмеркаванні гэтай тэмы, — сказала яна. — Мы хочам больш актыўна працаваць па гэтай тэме з грамадзянскай супольнасцю і ў Вялікабрытаніі, і ў Беларусі, каб прасоўваць ідэю адмены смяротнага пакарання. Я асабіста спадзяюся, што Беларусь увядзе мараторый на пакаранне смерцю".

Перкінс адзначыла, што лічыць адмену смяротнай кары тым пытаннем, за вырашэнне якога адказнасць на сябе павінен браць урад краіны.

"Калі ў Вялікабрытаніі прымалася рашэнне аб адмене смяротнага пакарання, грамадская думка не падтрымлівала гэтую ідэю. Калі б пыталіся ў грамадзян, то большасць брытанцаў тады прагаласавалі б за смяротнае пакаранне. Цяпер, мне здаецца, сітуацыя змянілася. Я лічу, што смяротнае пакаранне — гэта вельмі складанае пытанне, але ўрад павінен выказаць палітычную волю", — адзначыла яна.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 асуджаных да вышэйшай меры пакарання.

У якасці аргумента на карысць захавання смяротнага пакарання беларускія афіцыйныя асобы прыводзяць вынікі рэферэндуму 1996 года, падчас якога большасць грамадзян, якія прагаласавалі, выказаліся супраць адмены вышэйшай меры пакарання.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239