Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/04/ru_1019162_225588/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 08:48
04.10.2019 07:02 Грамадства

У Беларусі пачынаецца перапіс насельніцтва

Мінск, 4 кастрычніка. У Беларусі 4 кастрычніка пачынаецца перапіс насельніцтва, які будзе доўжыцца да канца месяца.

Гэта ўжо трэці перапіс з моманту атрымання Беларуссю незалежнасці: папярэднія праводзіліся ў 1999 і 2009 гадах.

Адказаць на пытанні перапісу можна трыма спосабамі. Упершыню з'явілася магчымасць самастойна запоўніць электронную анкету на сайтах перепись.бел і census.by ў перыяд з 4 па 18 кастрычніка і атрымаць сертыфікат аб праходжанні перапісу.

Яшчэ адзін спосаб — прыйсці на стацыянарныя перапісныя ўчасткі з 4 па 30 кастрычніка. Іх адрасы можна знайсці на сайце Белстата.

Да тых, хто не скарыстаўся першымі двума спосабамі, у перыяд з 21 па 30 кастрычніка прыйдуць перапісчыкі, у якіх павінны быць планшэты, адпаведнае пасведчанне і сумка з лагатыпам перапісу.

На працягу перапісу можна будзе задаць пытанні супрацоўнікам кол-цэнтра па тэлефоне: 8-810-100-3131 (тэлефанаванне бясплатнае).

Як заявіла 30 верасня ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" старшыня Белстата Іна Мядзведзева, асноўны прынцып перапісу насельніцтва — "забеспячэнне захаванасці звестак і недаванне канфідэнцыйных звестак іншым трэцім асобам". "На планшэце ў перапісчыка яны захоўвацца не будуць. Яны адразу будуць шыфравацца і перадавацца на сервер Белстата", — сказала яна.

Паводле слоў Мядзведзевай, у мэтах бяспекі перапісчыкаў у іх смартфонах будзе ўстаноўленае "праграмнае забеспячэнне МНС, якое дазволіць вельмі аператыўна выклікаць патрульны нарад". "Што да працы перапісчыкаў у асацыяльных сем'ях, то ў такія сем'і перапісчыкі пойдуць толькі з міліцыянерам, у гэтым выпадку — з участковым. Гэта адзіны пласт насельніцтва, які мы будзем перапісваць не на планшэце, а на папяровым носьбіце, для таго каб не рызыкаваць нашымі перапісчыкамі", — сказала кіраўнік камітэта.

Яна таксама адзначыла, што дзякуючы выкарыстанню ІТ-тэхналогій колькасць перапісчыкаў зменшылася з 48 тысяч у 2009 годзе да 12,5 тысячы сёлета, а запаўненне перапіснога ліста будзе займаць 5—10 хвілін замест ранейшых 15—20.

Раней Мядзведзева паведаміла, што доля бюджэтных выдаткаў на перапіс насельніцтва знізіцца з 95% (у 2009 годзе) да 35% за кошт таго, што "праведзеная актыўная праца са спонсарамі і міжнароднымі арганізацыямі". У прыватнасці з пачатку года Белстат за кошт гранту Сусветнага банка рэалізуе "Праект аказання садзейнічання падрыхтоўцы і правядзенню перапісу насельніцтва 2019 года ў Беларусі". Агульны бюджэт — 1,9 млн долараў. У рамках праекта, сказала чыноўніца, "атрыманая метадалагічная дапамога па правядзенні постперапіснога абследавання і ацэнкі якасці перапісу і распрацоўкі праграмнага забеспячэння для правядзення інтэрнэт-апытання, ажыццёўленая закупка планшэтаў (3 тыс. штук) і праграмна-апаратнага комплексу ORACL, закупленыя паслугі тэхнічнага характару для правядзення інтэрнэт-перапісу, распрацаваны дызайн і праведзенае тыражаванне плакатаў, білбордаў, іншай рэкламнай прадукцыі (календары, закладкі-лінейкі для школы і г.д.), падрыхтаваныя навучальны і рэкламны відэаролікі".

Інфармацыю аб выдатках на правядзенне перапісу плануецца апублікаваць у лютым 2020 года, паведаміла Мядзведзева. "Але мы ўжо сёння дакладна бачым і можам сказаць, што гэты перапіс будзе таннейшы за перапіс 2009 года", — дадала яна.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239