Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/04/ru_1019280_123/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:57
04.10.2019 11:51 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка і Зяленскі праводзяць перамовы ў Жытоміры

Мінск, 4 кастрычніка. У Жытоміры праходзяць перамовы прэзідэнтаў Уладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі, які прыбыў ва Украіну на чале беларускай дэлегацыі для ўдзелу ў II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны 3—4 кастрычніка.

Офіс прэзідэнта Украіны на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" вёў трансляцыю пратакольнага прывітання двух прэзідэнтаў перад пачаткам перамоўнага працэсу.

Зяленскі сустрэў Лукашэнку ў аэрапорце. Перад пачаткам перамоваў, якія праходзяць у Жытомірскай дзяржаўнай абласной адміністрацыі, прэзідэнт Украіны адзначыў, што яму "вельмі прыемна" прымаць Лукашэнку і што ён можа размаўляць "нават па-ўкраінску", бо ўкраінская і беларуская "мовы вельмі блізкія", і яны разумеюць адзін аднаго. "Мне вельмі прыемна, што нашы краіны не маюць межаў, я перш за ўсё кажу пра людзей. Нашы людзі дружныя, нашы людзі ментальна, я лічу, абсалютна блізкія, аднолькавыя. Я ганаруся і ўпэўнены, што кожны ўкраінец таксама, што ў нас такія добрыя адносіны і добрыя суседзі", — сказаў Зяленскі.

Лукашэнка падзякаваў украінскаму калегу за прыём. Дэлегацыя Беларусі, паводле яго слоў, "велізарная — амаль паўтысячы чалавек прыехала сёння на блізкую нам, можна сказаць, родную зямлю". "Вы вельмі тонка заўважылі, што ў нас, нягледзячы на тую мяжу, якую нас прымусілі выбудаваць, паміж людзьмі няма ніякіх межаў, няма ніякіх кардонаў. Мы разумеем адзін аднаго, хоць і размаўляем быццам бы на розных мовах. Адносна мовы нашы блізкія і зразумелыя. Людзям нашы памкненні таксама зразумелыя", — сказаў Лукашэнка.

"Шмат хто будзе пісаць пра тое, што мы з вамі пазнаёміліся. Нічога падобнага. Мы з вамі знаёмыя вельмі даўно, праўда, завочна. А сёння мы жыўцом сустракаемся тут сам-насам, каб яшчэ раз зверыць нашы гадзіннікі, прайсціся па парадку дня нашых адносін і дамовіцца. Я чамусьці перакананы, што ўсё, пра што мы дамовімся, будзе выконвацца. Вось я чамусьці перакананы, хоць меў дачыненні, сувязі і вёў перамовы з многімі прэзідэнтамі Украіны. Нам гісторыя дала такі шанец — дамовіўшыся, выканаць гэта на карысць нашых народаў", — адзначыў Лукашэнка.

Ён запэўніў Зяленскага ў тым, што Беларусь будзе "свята выконваць нашы дамоўленасці". Паводле яго слоў, у беларускага боку "не толькі прагматычная аснова ўзаемадзеяння з украінскай дзяржавай і народам Украіны", але і "глыбокая і вялікая ідэалогія, заснаваная на той гісторыі, якую мы перажылі". "І цяпер нам няпроста. Усе праблемы, якія ёсць у нас і ў вас, мы перажываем разам", — канстатаваў Лукашэнка.

"Я хачу вас запэўніць, што ніколі (вы наогул ніколі не мелі праблем з тэрыторыяй Беларусі) вы з Беларуссю не будзеце мець праблем. Мы заўсёды будзем самымі добрымі і надзейнымі вашымі прыхільнікамі, партнёрамі. І калі новая ўлада Украіны захоча мець з намі братнія цесныя адносіны, за намі справа не стане", — падкрэсліў Лукашэнка.

Пасля правядзення перамоў у двухбаковым фармаце прэзідэнты дзвюх краін плануюць узяць удзел у пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН