Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/04/ru_1019323_142563/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 13:11
04.10.2019 16:31 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка Зяленскаму: Перакананы, што наша асабістае знаёмства стане вялікім крокам да развіцця адносін паміж дзяржавамі

Мінск, 4 кастрычніка. Беларусь гатовая ўважліва вывучаць прапановы аб актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва з Украінай, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 кастрычніка на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Жытоміры.

Трансляцыя пасяджэння вялася на YouTube-канале ўкраінскай інфармацыйнай медыяплатформы "НАШ.МАКСІ-ТВ".

"Перакананы, што наша першая сустрэча і асабістае знаёмства (з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. — БелаПАН.) стануць вялікім крокам да ўмацавання і развіцця адносін паміж дзяржавамі, — сказаў Лукашэнка. — Гэта было не проста асабістае знаёмства і першая наша сустрэча. Па змесце, па аб`ёме пытанняў, якія мы разгледзелі, — гэта было падобна часам на распрацоўку тых завалаў, што створаныя за апошнія гады. Так здарылася, час выбраў нас гэтыя развалы разграбаць. Мы сёння гэта пачалі рабіць".

Паводле слоў Лукашэнкі, паміж абласцямі, раёнамі, гарадамі Беларусі і Украіны дзейнічае 120 пагадненняў аб супрацоўніцтве. "Яны дазваляюць на пастаяннай аснове забяспечваць развіццё эканамічных, гандлёвых, культурных, гуманітарных сувязей, — сказаў ён. — Маштабы гэтага ўзаемадзеяння дазволілі ў 2018 годзе правесці першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомелі. Вынікам праведзенага там дыялогу раўнапраўных партнёраў і добрых суседзяў сталі камерцыйныя кантракты і пагадненні на суму больш за 100 млн долараў. Важна, што ўсе яны выконваюцца".

Як лічыць Лукашэнка, падпісаны ў межах цяперашняга форуму "новы салідны пакет дакументаў — паказчык запатрабаванасці і актуальнасці гэтага фармату ўзаемаадносін".

Лукашэнка адзначыў, што сёння на яго перамовах з Зяленскім прагучала прапанова праводзіць форум рэгіёнаў не раз на два гады, а штогод. "Падтрымліваю такую прапанову. Урады і міжурадавая камісія абмяркуюць гэтыя прапановы і ўнясуць нам з прэзідэнтам для прыняцця рашэння", — сказаў ён.

Украіна з`яўляецца адным з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі, падкрэсліў Лукашэнка. "Толькі за мінулы год мы павялічылі тавараабарот амаль на чвэрць. Але гэта далёка не мяжа нашых магчымасцей, — дадаў ён. — Агульная гісторыя і суседства прадвызначылі прыярытэты, у тым ліку ў эканамічнай сферы. Гэта перш за ўсё паліўна-энергетычны, аграпрамысловы комплекс, прамысловая кааперацыя, транспартна-лагістычная сфера. Мы гатовыя весці перамовы аб павелічэнні паставак нафтапрадуктаў для вашых прадпрыемстваў. Мяркую, што ў далейшым трэба падтрымліваць сумесныя праекты ў гэтай галіне. Мы не ўтойваем, што мы сёння прапрацоўваем і альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны з сусветных рынкаў".

Лукашэнка адзначыў, што гэтай тэме была прысвечаная вялікая частка перамоў кіраўнікоў дзяржаў. "Мы дамовіліся, што ў гэтым напрамку мы не проста будзем прапрацоўваць варыянты, а будзем непасрэдна ўжо рабіць. Гэта цалкам натуральна, гэта не накіравана супраць нейкіх іншых краін. Гэта наша неабходнасць, гэта цяперашняя бяспека дзвюх дзяржаў", — заявіў беларускі кіраўнік.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН