Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/08/by_media_makej2/
Дата раздрукоўкі: 06.12.2019 07:13
08.10.2019 09:56 Відэа, Улада

Уладзімір Макей: Спадзяюся, да канца года Лукашэнка наведае з візітам Еўрасаюз

Аляксандр Лукашэнка да канца гэтага года можа наведаць Еўрасаюз, паведаміў міністр замежных спраў Уладзімір Макей журналістам на форуме "Мінскага дыялогу" "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані" 7 кастрычніка ў Мінску.

Адказваючы на пытанне, калі Лукашэнка наведае якую-небудзь краіну ЕС, Макей сказаў: "З'ездзіць. Прыйдзе час, і з'ездзіць. Пачакайце, праз некаторы час даведаецеся. Будзе праз некаторы час візіт. У гэтым годзе, я спадзяюся, мы зробім нармальны паўнавартасны візіт, у тым ліку на прастору ЕС".

Макей заявіў, што не разумее, чаму такая вялікая ўвага надаецца пытанню візіту Лукашэнкі ў ЕС. "Мы заўсёды казалі пра тое, што візіт не павінен быць дзеля візіту, — падкрэсліў ён. — Візіт можа быць зроблены (і гэта наш прынцыповы падыход), калі ён падрыхтаваны, калі мы чакаем канкрэтных важных вынікаў ад гэтага візіту ў плане развіцця гандлёва- эканамічнага ўзаемадзеяння, палітычнага, гуманітарнага супрацоўніцтва і гэтак далей. Візіт дзеля візіту — гэта не самамэта. Мы павінны старанна рыхтаваць любы візіт, каб атрымаць вынікі, важныя для Беларусі і для іншай краіны-партнёра".

На пытанне, ці датычыцца будучы візіт магчымага падпісання з ЕС пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, Макей адказаў: "Пытанне да нашых еўрапейскіх партнёраў. Мы, у прынцыпе, гатовы да падпісання, але мы цяпер чакаем адказу ад нашых еўрапейскіх партнёраў. Калі атрымаем сігнал аб тым, што яны гатовыя падпісваць, тады будзем вызначацца з датай і месцам падпісання".

Відэа Сяргея Сацюка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН