Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/08/ru_1019651_123/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 07:54
08.10.2019 10:38 Палітыка

Лукашэнка: Градус недаверу і канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам дасягнуў мяжы

Мінск, 8 кастрычніка. "Нас не можа не хваляваць той факт, што градус недаверу і канфрантацыі паміж Расіяй і Захадам дасягнуў мяжы", — заявіў Аляксандр Лукашэнка на форуме "Мінскага дыялогу" "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані" 8 кастрычніка ў Мінску.

"Эксперты ў галіне бяспекі і раззбраення з абодвух бакоў ужо малююць жахлівую ў сваім праўдападабенстве карціну, — сказаў ён. — Усяго за некалькі хвілін Расія і НАТА могуць прайсці шлях ад ненаўмыснага лакальнага канфлікту да ядзернай вайны".

Паводле яго слоў, пасля нядаўняга выхаду з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці двух ключавых яго ўдзельнікаў — ЗША і Расіі — "працэс разбурэння архітэктуры кантролю над узбраеннямі фактычна выйшаў на фінішную прамую".

"Апошні рубеж — дагавор па стратэгічных наступальных узбраеннях 2010 года. Калі бакі не дамовяцца аб яго працягу, усяго праз два гады (у 2021 годзе) свет апынецца ў сітуацыі, калі адносіны ў сферы ядзерных узбраенняў наогул не будуць нічым рэгулявацца. Чалавецтва сямімільнымі крокамі рухаецца да рысы, за якой — бездань", — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што ў большасці дзяржаў ёсць падставы ставіцца адзін да аднаго з недаверам. "Недружалюбныя або нават агрэсіўныя дзеянні ў мінулым укараняюць узаемныя падазрэнні і асцярогі на доўгія гады наперад, — сказаў Лукашэнка. — У ідэале нам трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве. Да каштоўнасцяў Хельсінкскага заключнага пакта і Парыжскай хартыі для новай Еўропы. Нам усім тэрмінова патрэбная моцная гісторыя поспеху, якая пераканае нават заўзятых скептыкаў і "ястрабаў", што, нягледзячы на глыбокія супярэчнасці і недастатковае разуменне, інтарэсы бяспекі ў Еўропе сумяшчальныя".

Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці быў падпісаны ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідарамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.

20 кастрычніка 2018 года амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дагавора з-за яго невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расійскі бок парушыў дагавор, стварыўшы ракету 9М729. У Расіі гэтыя абвінавачванні абверглі, выставіўшы сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дагавор парушаюць ЗША, размяшчаючы на аб'ектах ПРА ў Еўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, якія распрацаваныя для запуску крылатых ракет далёкасцю 2,4 тыс. км.

У снежні 2018 года ЗША аб'явілі, што выйдуць з дамовы, калі Расія на працягу 60 дзён не вернецца да яе выканання. Дзеянне ўльтыматуму ЗША скончылася 2 лютага. У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа заявіў пра прыпыненні ўдзелу Злучаных Штатаў у ДРСМД. Адначасова з гэтым быў пачаты працэс па канчатковым выхадзе краіны з дамовы, які заняў паўгода.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН