Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/08/ru_1019725_1019726/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 08:15
08.10.2019 16:42 Палітыка

Прэс-сакратар Пуціна: Масква не была і не будзе бокам канфлікту ў Данбасе

Мінск, 8 кастрычніка. Масква ніколі не была і не будзе бокам канфлікту ў Данбасе, заявіў 8 кастрычніка журналістам прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы сённяшнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі.

Выступаючы 8 кастрычніка на форуме "Мінскага дыялогу" "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані", Лукашэнка адзначыў, што канфлікт ва Украіне вельмі складана будзе вырашыць без "галоўных дзейных гульцоў". Паводле яго слоў, Беларусь не рвецца ні ў пасрэднікі, ні ў міратворцы. "І не называйце гэта так. Ніколі мы так не ставілі пытанне. Мы гатовыя як блізкія і родныя людзі, калі Украіна і Расія дамовяцца, сыграць тую ролю, якая імі будзе вызначана нам. Калі двое братоў б'юцца, логіка, вы ж разумееце, заўсёды падключаўся трэці, заўсёды так было. Мы з гэтага сыходзім. І не трэба толькі пасля мяне тут казаць, што гэта не канфлікт Расіі і Украіны, — падкрэсліў Лукашэнка. — Вось, ведаеце, тут дасведчаныя людзі, і гэтыя заявы нікому не патрэбныя. Так, не трэба ігнараваць сёння кіраўнікоў непрызнаных ЛНР і ДНР. Так, непрызнаныя, але яны ёсць, іх таксама пазбягаць нельга. Але гэта пытанне дамоўленасцяў. Галоўнае, каб галоўныя бакі ўвязаліся ў разгляд гэтага канфлікту і прымалі рашэнні. Тады будзе месца і ЛНР, і ДНР, і будуць зрухі — і 400 км мяжы, і правядзенне там выбараў, і стварэння нейкай міліцыі, і гэтак далей, і да таго падобнае".

Каментуючы гэтыя выказванні, Пяскоў заявіў: "Тут можна толькі не пагадзіцца з ацэнкай, таму што канфлікт на Данбасе з'яўляецца ўнутрыўкраінскім канфліктам. Расія ніякім чынам не з'яўлялася, не з'яўляецца і не будзе з'яўляцца бокам гэтага канфлікту". Ён таксама адзначыў, што не трэба шукаць падыходаў у гэтым пытанні — значна важней, хто гатовы выканаць абавязацельствы. "Трэба дапамагчы Украіне справіцца з гэтай жыццёва важнай для яе праблемай — праблемай паўднёвага ўсходу, дапамагчы Украіне вырашыць гэтую праблему", — цытуе прэс-сакратара Пуціна gazeta.ru

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239