Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/09/ru_1019836_1019837/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 19:40
09.10.2019 14:50 Эканоміка, Фінансы

Сусветны банк прагназуе запаволенне беларускай эканомікі

Мінск, 9 кастрычніка. У 2019—2021 гадах тэмпы росту беларускай эканомікі будуць запавольвацца. Такі прагноз прыводзіцца ў падрыхтаванай Сусветным банкам кастрычніцкай справаздачы аб эканамічнай сітуацыі ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Згодна з прагнозам Сусветнага банка, пасля эканамічнага росту на 3% у 2018 годзе рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 1,5%, у 2020-м — 1,3%, у 2021-м — 1,2%.

Беларусь, мяркуе Сусветны банк, у 2019 годзе ўвойдзе ў рэгіёне ў лік краін — аўтсайдараў па тэмпах эканамічнага росту. З 24 краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі, якія прааналізаваў Сусветны банк, Беларусь па тэмпах эканамічнага росту зойме 22-е месца. На 23-м Расія, у якой, паводле прагнозу Сусветнага банка, рост эканомікі складзе 1%, на 24-м — Турцыя (з нулявым тэмпам росту).

Нагадаем, афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2019 год прадугледжваў рост эканомікі на 4%. Разам з тым за студзень—жнівень рост ВУП склаў 1,1%, і на гэты час афіцыйны прагноз па эканамічным росце не пераглядаўся.

Цяпер беларускія ўлады разглядаюць эканамічны прагноз на 2020 год. У першапачатковы праект афіцыйнага прагнозу на наступны год урад заклаў рост эканомікі на ўзроўні 2,5%, аднак Аляксандр Лукашэнка на вераснёўскай нарадзе палічыў гэты арыенцір недастаткова напружаным і даручыў ураду перагледзець афіцыйны прагноз.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада выканаць афіцыйны прагноз на гэты год.

"Не будуць выкананы параметры развіцця на 2019 год, усе адказныя — ад прэм'ер-міністра — пойдзеце на спачынак. Я вас папярэджваў у мінулым годзе ў гэты час, калі рабілі планы на 2019 год. Таму нічога тут дзіўнага няма", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што станоўчыя вынікі працы эканомікі людзі павінны адчуць на сабе — праз пастаяннае павышэнне свайго дабрабыту, а без эканамічнага росту гэтага дамагчыся немагчыма.

"Аднак мяне насцярожвае, што гэты эканамічны рост не толькі сціплы, але і вельмі няўстойлівы, калі казаць мякка. Гэтую тэндэнцыю трэба мяняць. Хто хоча і можа, заставайцеся і мяняйце", — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да ўрада 19 верасня падчас нарады па эканамічных пытаннях.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН