Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/10/ru_1019867_1019868/
Дата раздрукоўкі: 15.10.2019 10:09
10.10.2019 07:05 Грамадства

Сёння адзначаецца Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання

Мінск, 10 кастрычніка. Рыторыка ўладаў па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі крыху змянілася, але сістэмных змен у гэтай галіне не назіраецца. Такую думку выказаў БелаПАН каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэй Палуда ў каментары з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.

Ён адзначыў, што пра некаторыя зрухі ў пазіцыі дзяржавы можна меркаваць па публічных выступленнях чыноўнікаў. Напрыклад, на канферэнцыі "Грамадская думка і смяротнае пакаранне" 27 жніўня ў Мінску прадстаўнік МЗС Андрэй Бушыла заявіў, што ў Беларусі і Савета Еўропы "няма прынцыповых рознагалоссяў з нагоды перспектыў вышэйшай меры пакарання". Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч там жа звярнуў увагу на неабходнасць "набрацца цярпення і няхай павольна, але ўпэўнена рухацца па шляху адмены смяротнага пакарання, працуючы з грамадскай думкай".

Паводле слоў Палуды, прадстаўнікі ўлады ўсё часцей гавораць аб тым, што асабіста яны выступаюць супраць смяротнага пакарання і што Беларусь паступова ідзе да яго адмены, але пры гэтым па-ранейшаму спасылаюцца на вынікі рэферэндуму 1996 года, калі большасць грамадзян выказалася за захаванне вышэйшай меры пакарання. "Пакуль што няма ніякіх канкрэтных дзеянняў, і казаць пра тое, што адбыліся нейкія сістэмныя змены па праблеме смяротнага пакарання, нам не выпадае", — канстатаваў ён.

У праваабаронцаў, адзначыў Палуда, пакуль няма інфармацыі аб распрацоўцы дарожнай карты па адмене смяротнага пакарання, якую анансавала на згаданай канферэнцыі кіраўнік аддзела каардынацыі і міжнароднага супрацоўніцтва генеральнага дырэктарата па правах чалавека і захаванні законнасці Савета Еўропы Таццяна Тэрмачыч.

"Такім чынам, акрамя некаторых запэўненняў няма ні адной прыкметы таго, што Беларусь на самай справе плануе зрабіць хоць бы першы крок да адмены смяротнага пакарання — увесці на яго мараторый. Больш за тое, сёлета ў Беларусі вынесеныя два новыя смяротныя прысуды, і зроблена гэта было напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў", — нагадаў каардынатар кампаніі супраць смяротнага пакарання.

Разам з тым Палуда адзначыў, што ў праваабаронцаў "з'явілася крыху больш магчымасцяў" для распаўсюджвання ідэй абаліцыянізму. "Мы толькі што правялі Тыдзень супраць смяротнага пакарання, праводзім музычныя фестывалі і іншыя мерапрыемствы, разлічаныя на вялікую колькасць людзей. Такія магчымасці ў нас ёсць", — канстатаваў ён.

Аднак усяго гэтага "недастаткова, каб больш шырока даносіць да грамадства аргументы на карысць адмены смяротнага пакарання", лічыць Палуда. На яго думку, выправіць сітуацыю магло б правядзенне тэледэбатаў і парламенцкіх слуханняў па гэтай праблематыцы.

Улады, падкрэсліў Палуда, не павінны ўспрымаць праваабаронцаў "як сапернікаў або апанентаў", паколькі яны "проста спрабуюць дапамагчы грамадству стаць лепшым, стаць больш справядлівым і гуманным". "Мне здаецца, прадстаўнікі ўлады павінны гэта зразумець і пачаць працаваць з намі. Мы гатовыя праводзіць сустрэчы, трэнінгі, дыскусіі, у тым ліку з суддзямі, з кім заўгодна. Мы адкрытыя для ўсіх", — падсумаваў каардынатар абаліцыянісцкай кампаніі.

Ідэю адмовы ад прымянення смяротнага пакарання прасоўвае на ўзроўні парламента дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. У сярэдзіне ліпеня яна накіравала законапраект "Аб прыпыненні выканання пакарання ў выглядзе смяротнай кары" для ацэнкі ў міністэрствы юстыцыі і ўнутраных спраў. Месяцам пазней Анісім разаслала праект закона з абгрунтаваннем яго прыняцця для азнаямлення ў органы суда, пракуратуры і бяспекі. Да заканчэння тэрміну сваіх дэпутацкіх паўнамоцтваў Анісім спадзяецца сфарміраваць у Палаце прадстаўнікоў рабочую групу па працы над гэтым законапраектам.

Беларусь — адзіная ў Еўропе дзяржава, дзе працягваюць прымяняць смяротнае пакаранне. За апошнія 20 гадоў у краіне было расстраляна больш за 400 прыгавораных да вышэйшай меры пакарання. Паводле звестак праваабаронцаў, сёлета ў краіне пакаралі смерцю двух чалавек, яшчэ двое чакаюць выканання смяротнага прысуду.

Напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання Еўрасаюз і Савет Еўропы ў чарговы раз заклікалі Беларусь "адмяніць смяротнае пакаранне і далучыцца да супольнасці нацый, якія вырашылі замяніць помсту чалавечай годнасцю".

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН