Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/10/ru_1020007_1020008/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 12:25
10.10.2019 16:12 Эканоміка, Фінансы

Беларусь мае намер аднавіць з МВФ перамовы аб крэдытнай праграме (дапоўнена)

Мінск, 10 кастрычніка. На наступным тыдні Беларусь плануе абмеркаваць з Міжнародным валютным фондам магчымасць рэалізацыі новай праграмы для падтрымкі структурных рэформ, паведаміў журналістам міністр фінансаў Максім Ермаловіч 10 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў.

"База для перамоў ёсць. Мы плануем падчас штогадовага пасяджэння Савета кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка абмеркаваць вынікі рэалізацыі ўрадам мер па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі і магчымасці для пачатку праграмы з МВФ. Менавіта з мэтай падтрымкі структурных змен", — сказаў ён.

Ермаловіч адзначыў, што пасяджэнне cавета запланаванае на наступны тыдзень.

Паводле яго слоў, дарожная карта рэформаў распрацаваная сумесна з Сусветным банкам. "Мы лічым, што гэта можа стаць базай для таго, каб у цэлым саму дарожную карту падтрымаць нейкімі рэсурсамі або ў рамках праграмы, або па-за рамкамі праграмы, але з пункту гледжання яе напаўнення — гэты дакумент, у прынцыпе, вельмі рэальны для выканання", — сказаў Ермаловіч.

На пытанне аб магчымым памеры крэдыту ад МВФ ён адказаў: "Пакуль рана казаць пра аб`ём фінансавання".

Варта адзначыць, што прадстаўнікі Сусветнага банка яшчэ нядаўна заяўлялі аб тым, што захоўваюцца рознагалоссі з урадам Беларусі па шэрагу кірункаў дарожнай карты рэформ. Рэгіянальны дырэктар банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен 24 верасня ў Мінску на сустрэчы з першым намеснікам прэм`ер-міністра Аляксандрам Турчыным адзначыла, што пакуль застаюцца розныя погляды на тарыфы па цеплазабеспячэнні, рэформу дзяржаўных прадпрыемстваў, субсідыі, дырэктыўнае крэдытаванне.

Беларускія ўлады раней праяўлялі цікавасць да новай крэдытнай праграмы з МВФ, а таксама да атрымання пазыкі Сусветнага банка на мэты развіцця. Пры гэтым у фонду Беларусь запытвала крэдыт на 3 млрд долараў.

У сярэдзіне 2017 года перамовы з МВФ былі пастаўленыя на паўзу. Улады і эксперты фонду заявілі, што разыходзяцца ў разуменні хуткасці рэформ, якія неабходна рэалізаваць у краіне. У прыватнасці, бакі разышліся ў ацэнках маштабаў і тэмпаў рэфармавання сектара дзяржпрадпрыемстваў, а таксама наконт тарыфаў на камунальныя паслугі.

У сваю чаргу Сусветны банк у 2018 годзе заявіў, што магчымасць выдзялення пазыкі на мэты развіцця можа быць разгледжана ў выпадку, калі ў Беларусі "будзе прынята палітычнае рашэнне аб ажыццяўленні праграмы з МВФ".

У самім Міжнародным валютным фондзе адзначалі, што перамовы па крэдытнай праграме могуць аднавіцца толькі пасля атрымання адпаведнага запыту ад беларускіх улад.

"Мы павінны атрымаць запыт з боку афіцыйных органаў Беларусі, прычым яны павінны быць перакананыя ў тым, што гэтая праграма адпавядае лепшым інтарэсам краіны. На гэты момант афіцыйныя органы, мабыць, лічаць, што няма вострай неабходнасці і патрэбы ў гэтым. Таму мы не педалюем гэтае пытанне", — казаў кіраўнік місіі фонду ў Беларусі Жак Міньян на брыфінгу ў лістападзе 2018 года.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН