Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/11/ru_1020103_123/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 08:36
11.10.2019 12:42 Палітыка

Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў краін СНД падтрымаць дзейную ўладу ва Украіне

Мінск, 11 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка заклікаў кіраўнікоў краін СНД падтрымаць дзейную ўладу ва Украіне. Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў 11 кастрычніка на саміце СНД у Ашхабадзе, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Нядаўна ўкраінская тэма гучала, — сказаў ён. — Хачу выказаць сваю пазіцыю, бо як прэзідэнт Расіі, гэтак і я вельмі пагружаныя ў гэтую праблему. Таму што гэта ў нас адбываецца. Кажучы пра новую ўладу ва Украіне, хацеў бы і вас заклікаць падтрымаць гэтую ўладу. Вы бачыце тэндэнцыю ўжо згарнуць гэтую ўладу, скруціць, зрынуць, але мы павінны разумець, хто пасля гэтага прыйдзе да ўлады ва Украіне".

Лукашэнка таксама заклікаў сумесна вырашаць замарожаныя канфлікты на постсавецкай прасторы. "Разам былі, разам ваявалі, а паглядзіце, што дзеецца на постсавецкай прасторы, — адзначыў ён. — Колькі такіх канфліктаў... Чаму мы не вырашаем гэтыя пытанні? Калі мы на нешта здольныя, трэба вырашаць гэтыя праблемы, гэтыя замарожаныя канфлікты. Вырашаць сумленна, справядліва".

Ён таксама дадаў: "Не трэба ствараць сітуацыю, калі на дапамогу трэба заклікаць людзей з-за акіяна: дапамажыце нам вырашыць гэтыя праблемы! Давайце іх вырашаць самі і не ствараць новыя!"

Лукашэнка ўпершыню сустрэўся з цяперашнім украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім 4 кастрычніка ў Жытоміры, дзе праходзіў II Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Замест запланаваных 45 хвілін перамовы кіраўнікоў дзвюх дзяржаў доўжыліся тры гадзіны.

Выступаючы 8 кастрычніка на форуме "Мінскі дыялог", Лукашэнка станоўча адазваўся пра свайго ўкраінскага калегу. Ён заявіў, што Уладзімір Зяленскі — сапраўдны, моцны чалавек, патрыёт сваёй краіны, гатовы да цяжкіх рашэнняў для дасягнення міру на Данбасе.

"Непахісная мая перакананасць: калі мы страцім хай неспрактыкаванага, маладога гэтага Зяленскага і гэтую ўладу ва Украіне (а гэта цалкам можа здарыцца, таму што занадта вялікі супраціў унутры Украіны і звонку) — мы наўзамен атрымаем такую ўладу, з якой наогул будзе цяжка размаўляць", — упэўнены Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239