Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/15/ru_1020427_800254/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 04:37
15.10.2019 14:43 Эканоміка, Фінансы

Беларуская дэлегацыя накіравалася на восеньскую сесію МВФ

Мінск, 15 кастрычніка. Дэлегацыя Беларусі на чале з міністрам эканомікі Дзмітрыем Крутым накіравалася ў Вашынгтон для ўдзелу ў штогадовых восеньскіх пасяджэннях саветаў кіраўнікоў МВФ і групы Сусветнага банка.

У складзе дэлегацыі таксама міністр фінансаў Максім Ермаловіч і намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц.

Як паведамляе прэс-служба Мінэканомікі, падчас удзелу ў восеньскай сесіі Сусветнага банка і МВФ, якая будзе доўжыцца да 20 кастрычніка, у беларускай дэлегацыі адбудзецца шэраг сустрэч: з прадстаўнікамі Сусветнага банка, Міжнароднай фінансавай карпарацыі, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый, Міжнароднага валютнага фонду.

"Удзел у мерапрыемствах такога фармату выкарыстоўваецца ў мэтах забеспячэння знешнеэканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, падтрымання канструктыўнага дыялогу ў інтарэсах фармавання на міжнароднай арэне пазітыўнага іміджу краіны са спрыяльным інвестыцыйным кліматам і стабільнай макраэканамічнай сітуацыяй", — адзначае прэс-служба.

Нагадаем, Беларусь з прадстаўнікамі Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду абмяркоўвае пытанні рэалізацыі структурных рэформаў.

Да 2017 года Беларусь абмяркоўвала гэтыя пытанні з МВФ у межах перамоў аб новай крэдытнай праграме. Аднак летам пазамінулага года стала вядома, што з-за розных поглядаў на хуткасць беларускіх рэформ перамовы аб крэдытнай праграме прыпыненыя.

У пачатку гэтага года беларускі ўрад і Сусветны банк пачалі падрыхтоўку дарожнай карты структурных рэформаў. Меркавалася, што дакумент будзе ўзгоднены сёлета.

Аднак у верасні рэгіянальны дырэктар Сусветнага банка па Беларусі, Малдове і Украіне Сату Кахканен на сустрэчы з членамі беларускага ўрада адзначыла, што паміж распрацоўшчыкамі дарожнай карты захоўваюцца рознагалоссі, а менавіта аб хуткасці павышэння тарыфаў на ацяпленне, рэформе дзяржаўных прадпрыемстваў, субсідыях, дырэктыўным крэдытаванні.

Міністр фінансаў Максім Ермаловіч 10 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў распавёў журналістам, што беларуская дэлегацыя плануе абмеркаваць з МВФ магчымасць рэалізацыі новай праграмы для падтрымкі структурных рэформаў.

"База для перамоваў ёсць. Мы плануем падчас штогадовага пасяджэння Савета кіраўнікоў МВФ і Сусветнага банка абмеркаваць вынікі рэалізацыі урадам мер па стабілізацыі макраэканамічнай сітуацыі і магчымасці для пачатку праграмы з МВФ. Менавіта з мэтай падтрымкі структурных зменаў", — адзначыў ён.

Паводле слоў міністра, дарожная карта рэформаў распрацаваная сумесна з Сусветным банкам. "Мы лічым, што гэта можа стаць базай для таго, каб у цэлым саму дарожную карту падтрымаць нейкімі рэсурсамі або ў рамках праграмы, ці па-за рамкамі праграмы, але з пункту гледжання яе напаўнення — гэты дакумент, у прынцыпе, вельмі рэальны для выканання", — сказаў Ермаловіч.

На пытанне аб магчымым памеры крэдыту ад МВФ ён адказаў, што казаць пра аб`ём фінансавання пакуль рана.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239