Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/16/ru_1020601_1020602/
Дата раздрукоўкі: 28.10.2020 11:16
16.10.2019 18:31 Эканоміка

Рост эканомікі Беларусі запаволіўся да 1%

Мінск, 16 кастрычніка. Згодна з першай ацэнкай Нацыянальнага статыстычнага камітэта, валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені—верасні 2019 года вырас у дачыненні да аналагічнага леташняга перыяду на 1% і склаў 96,5 млрд рублёў.

У студзені 2019 года рост эканомікі быў на ўзроўні 0,7%, у студзені—лютым — 0,8%, студзені—сакавіку — 1,1%, студзені—красавіку — 1,4%, студзені—маі — 1%, студзені—чэрвені — 0,9%, студзені—ліпені — 1,3%, студзені—жніўні — 1,1%.

Такім чынам, за верасень рост эканомікі запаволіўся на 0,1 працэнтнага пункта.

Прэм`ер-міністр Сяргей Румас на пасяджэнні прэзідыума Саўміна 15 кастрычніка канстатаваў захаванне тэндэнцыі запаволення тэмпаў росту ВУП. "І гэта нягледзячы на дзяржаўную падтрымку і запэўніванні кіраўнікоў міністэрстваў пра тое, што зацверджаныя планы будуць выкананы. Калі няма вытворчасці, як можа расці экспарт? Гэта ж узаемазвязаныя пытанні. Кіраўнікі павінны несці адказнасць за свае словы і абавязацельствы", — падкрэсліў кіраўнік урада.

Ён даручыў першаму віцэ-прэм`еру Аляксандру Турчыну падрыхтаваць пасяджэнне Саўміна па выніках працы эканомікі за дзевяць месяцаў, дзе прааналізуюць усе абяцанні, дадзеныя кіраўнікамі дзяржаўных органаў і прадпрыемстваў на пасяджэннях ва ўрадзе, з ацэнкай дзеянняў гэтых кіраўнікоў. Абмеркаванне запланавана ў першай дэкадзе лістапада.

Варта адзначыць, што афіцыйны прагноз беларускіх уладаў на 2019 год прадугледжвае рост ВУП на 4% і пакуль не пераглядаўся. Больш за тое, на вераснёўскай нарадзе Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада выканаць афіцыйны прагноз на гэты год.

"Не будуць выкананы параметры развіцця на 2019 год, усе адказныя — ад прэм`ер-міністра — пойдзеце на спачын. Я вас папярэджваў у мінулым годзе ў гэты час, калі рабілі планы на 2019 год. Таму нічога тут дзіўнага няма", — сказаў Лукашэнка.

Тым часам Міжнародны валютны фонд 15 кастрычніка пагоршыў прагноз па росце эканомікі Беларусі. Згодна з абноўленым прагнозам, фонд чакае, што ў 2019 годзе беларускі ВУП вырасце на 1,5%. Пры гэтым у красавіку гэтага года фонд прагназаваў рост беларускай эканомікі ў 2019 годзе на 1,8%.

Прагноз МВФ па росце беларускай эканомікі ў 2020 годзе пагоршыўся больш значна — з 2,2% у красавіцкай ацэнцы да 0,3%.

Сусветны банк таксама мяркуе, што ў 2019—2021 гадах тэмпы росту беларускай эканомікі будуць запавольвацца. Такі прагноз прыводзіцца ў кастрычніцкай справаздачы банка аб эканамічнай сітуацыі ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Згодна з прагнозам Сусветнага банка, пасля эканамічнага росту на 3% у 2018 годзе рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 1,5%, у 2020-м — 1,3%, у 2021-м — 1,2%. Беларусь, мяркуе Сусветны банк, у 2019 годзе ўвойдзе ў рэгіёне ў лік краін — аўтсайдараў па тэмпах эканамічнага росту.

Паводле ацэнак Еўразійскага банка развіцця, ВУП Беларусі ў 2019 годзе вырасце на 1,2%.

У 2018 годзе ВУП Беларусі вырас на 3% пры афіцыйным прагнозе 3,5%.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239