Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/18/eu_1020838_258852/
Дата раздрукоўкі: 10.07.2020 15:18
18.10.2019 09:09 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Брусель занепакоены зместам справаздачы спецдакладчыка ААН па Беларусі

Мінск, 18 кастрычніка. Брусель занепакоены зместам справаздачы спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын. Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік Еўрасаюза 17 кастрычніка ў Нью-Ёрку на пасяджэнні камітэта па сацыяльных, гуманітарных і культурных пытаннях у межах 74-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Анаіс Марын прэзентавала на пасяджэнні справаздачу аб сітуацыі ў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў. Яе выступленне і абмеркаванне даклада трансляваліся на сайце вэб-тэлебачання Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Прадстаўнік Еўрасаюза заявіў, што змест гэтага дакумента "выклікае неспакой, асабліва беручы пад увагу, што ўжо шосты год запар спецдакладчык сутыкаецца з адсутнасцю супрацоўніцтва з боку Беларусі". "Мы падтрымліваем мандат спецыяльнага дакладчыка і заклікаем урад Беларусі супрацоўнічаць з ім", — заявіў ён.

Паводле слоў прадстаўніка Бруселя, ЕС занепакоены зробленымі ў дакладзе высновамі, згодна з якімі ў Беларусі "не дасягнуты неабходны прагрэс у правядзенні рэформаў і працягваецца абмежаванне асноўных свабод". "Ацэнка спецдакладчыка напярэдадні парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, якія павінны прайсці ў 2019 і 2020 гадах, паказвае на тое, што магчымае пагаршэнне сітуацыі ў сферы выканання правоў чалавека. Гэта таксама выклікае неспакой", — сказаў ён.

"У дакладзе гаворыцца, што ствараецца толькі ілюзія захавання міжнародных стандартаў, застаюцца неспрыяльнымі ўмовы для выражэння апазіцыйных пунктаў гледжання, што з'яўляецца парушэннем палітычных правоў чалавека, а таксама перашкаджае рэалізацыі свабоды на мірныя сходы і асацыяцыі, якія сутыкаюцца з абмежаваннямі, — адзначыў спікер ад ЕС. — Мы заклікаем урад Беларусі забяспечыць поўнае выкананне правоў чалавека і асноўных свабод перад, падчас і пасля выбарчага цыкла, а таксама стварыць спрыяльныя ўмовы для таго, каб людзі маглі браць удзел у дзяржаўнай дзейнасці".

"Неабходна прытрымлівацца прынцыпаў вяршэнства права і правоў чалавека, — падкрэсліў прадстаўнік Еўрасаюза. — Гэта мае ключавое значэнне для фармавання эфектыўнай палітыкі. ЕС выкарыстоўвае ўсе магчымыя дыпламатычныя інструменты, каб нагадаць Беларусі пра абавязацельствы ў сферы абароны правоў чалавека".

Аналагічную пазіцыю на пасяджэнні прадэманстравалі прадстаўнікі Польшчы, Чэхіі, Германіі, Літвы.

Прадстаўнік Нарвегіі заклікаў Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне незалежна ад грамадскай думкі, а Вялікабрытаніі — хаця б увесці мараторый у якасці першага кроку да адмены гэтай меры пакарання.

Спікер ад ЗША выказала занепакоенасць, што ў Беларусі "не робіцца дастаткова намаганняў, каб спыніць практыку абмежавання правоў чалавека, асабліва свабоды мірных сходаў і свабоды слова". Ад імя сваёй краіны яна заклікала беларускі ўрад аблегчыць працэдуру рэгістрацыі структур грамадзянскай супольнасці, у тым ліку няўрадавых праваабарончых арганізацый, "каб яны маглі мець магчымасць весці адкрыты канструктыўны дыялог". "Заклікаем урад Беларусі прадэманстраваць прагрэс у пытаннях правоў чалавека напярэдадні выбараў. Спадзяемся на паляпшэнне нашых двухбаковых адносін", — заявіла амерыканскі дыпламат.

Як паведамляў БелаПАН, намеснік пастаяннага прадстаўніка Беларусі ў ААН Ірына Вялічка назвала даклад Анаіс Марын "фантастычнай літаратурай". Яна заявіла, што "рэзалюцыя аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі і створаны ёю мандат спецыяльнага дакладчыка — вынік недальнабачных палітычных амбіцый і прыклад злоўжывання працэдурамі Савета па правах чалавека". Гэтыя інструменты "не служаць мэце заахвочвання і абароны правоў чалавека", падкрэсліла прадстаўнік афіцыйнага Мінска.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239