Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/24/ru_1021512_123/
Дата раздрукоўкі: 07.04.2020 01:13
24.10.2019 11:09 Эканоміка, Фінансы

Беларусь у рэйтынгу Doing Business Сусветнага банка апусцілася на 49-е месца

Мінск, 24 кастрычніка. Беларусь пагоршыла свае пазіцыі ў штогадовым даследаванні Сусветнага банка "Вядзенне бізнесу — 2020".

Рэйтынг складзены на аснове сярэдніх паказчыкаў кожнай краіны па 10 сферах рэгулявання бізнесу, уключаных у сукупную ацэнку за бягучы год. У даследаванні прааналізаваная сітуацыя ў 190 краінах свету.

У даследаванні Doing Business — 2020 Беларусь заняла 49-е месца паводле ўмоў вядзення бізнесу, у леташнім аналагічным рэйтынгу — 37-е. Да пагаршэння рэйтынгу Беларусі прывяло змяненне сітуацыі з абаронай правоў мінарытарных акцыянераў.

Аўтары даследавання адзначаюць, што ў Беларусі для кампаній павялічаныя тэрміны апавяшчэння аб здзелках з афіляванымі асобамі, і гэта, на думку экспертаў, пагаршае інфармаванасць мінарытарных акцыянераў аб сітуацыі ў акцыянерных таварыствах.

Пры гэтым краіны ЕАЭС і суседзі Беларусі размясціліся ў рэйтынгу вышэй. Так, Казахстан у даследаванні заняў 25-е месца, Расія — 28-е, Арменія — 47-е, Літва — 11-е, Эстонія — 18-е, Латвія — 19-е, Польшча — 40-е.

Беларускія ўлады даўно плануюць увайсці ў трыццатку вядучых краін свету па ўмовах вядзення бізнесу. У 2016 годзе тагачасны дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Пётр Арушаньянц заяўляў, што Беларусь мае намер да 2020 года вырашыць гэтую задачу.

У сваю чаргу, аўтары даследавання Сусветнага банка неаднаразова рэкамендавалі ўладам Беларусі правесці рэформы, накіраваныя на зніжэнне падатковай нагрузкі на бізнес з мэтай паляпшэння рэйтынгу краіны. Па гэтым паказчыку Беларусь у даследаванні Doing Business — 2020 заняла 99-е месца (год таму — такое ж).

Раней спецыялісты Сусветнага банка канстатавалі, што агульная стаўка падаткаў і збораў у адносінах да прыбытку арганізацыі ў Беларусі складае 52,9%, у Еўропе і Цэнтральнай Азіі гэты паказчык складае 33,1%, у краінах АЭСР з высокім узроўнем даходаў — 40,1%.

Такім чынам, на думку экспертаў Сусветнага банка, падатковая нагрузка ў Беларусі істотна вышэйшая, чым у іншых краінах.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239