Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/25/ru_1021665_123/
Дата раздрукоўкі: 12.07.2020 19:24
25.10.2019 12:53 Грамадства, Палітыка

Анархіст Паліенка прыгавораны да абмежавання волі і вызвалены з-пад варты

Мінск, 25 кастрычніка. Мінскі гарадскі суд прыгаварыў анархіста Дзмітрыя Паліенку да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Ён вызвалены з-пад варты ў зале суда.

Паліенка будзе знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Пакаранне скарачаецца на год па амністыі. Анархісту прызначанае прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Рашэнне вынес суддзя Пётр Арлоў.

Паліенка прызнаны вінаватым ва ўжыванні газавага балончыка да суседа сябра і асуджаны на падставе ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).

Абвінавачванне запытвала шэсць гадоў пазбаўлення волі, з улікам закона аб амністыі — пяць гадоў. Абарона прасіла суд апраўдаць Паліенку ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства.

Актывіст быў арыштаваны 20 сакавіка 2019 года паводле падазрэння ў злосным хуліганстве. Паводле версіі пацярпелага Аляксея Юрына, якую ён раней распавёў у судзе, вечарам 13 сакавіка, каля 20.00, ён вяртаўся дадому з кафэ, дзе ўжываў спіртныя напоі. У пад`ездзе ён убачыў Паліенку, які запальваў цыгарэту, і зрабіў яму заўвагу. Паводле слоў Юрына, Паліенка ў адказ моўчкі дастаў пярцовы балончык, распыліў змесціва яму ў вочы і ўцёк.

Паводле версіі Паліенкі, 13 сакавіка ў пад`ездзе да яго падышоў пацярпелы Аляксей Юрын у стане алкагольнага ап`янення і спытаў, ці збіраецца Паліенка ехаць на ліфце, а затым ударыў яго ў вобласць вуха. У Паліенкі звалілася шапка, і, калі ён яе падымаў, ён убачыў, як Юрын зноў замахваецца, маючы намер нанесці другі ўдар, таму ўжыў балончык.

На апошнім слове Паліенка сваёй віны не прызнаў.

"На маім месцы можа апынуцца кожны, для каго свабода і годнасць не пустыя словы. Што тычыцца 339-га артыкула і таго, што іншыя артыкулы выключылі, то гэта для таго, каб зняць палітычныя абвінавачванні. І хай сістэма робіць мяне злачынцам, маё сумленне чыстае. Я анархіст, я не маўчу, не баюся пазбаўлення волі", — заявіў актывіст.

Першапачаткова Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах (пяці эпізодах) Крымінальнага кодэкса. Першае пасяджэнне суда 17 кастрычніка было абвешчанае закрытым. У знак пратэсту Паліенка паспрабаваў пашкодзіць вены. Частка яго прыхільнікаў мелі намер прабіцца ў залу пасяджэння, іх адціснула міліцыя. Неўзабаве пасля гэтага пасяджэнне пачалося ў адкрытым рэжыме. Падчас прад`яўлення абвінавачвання пракурор пакінуў толькі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 339 КК (асабліва злоснае хуліганства).

Паліенку пераследуюць улады ўжо больш за тры гады. Першы раз ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу "Крытычная маса" ў красавіку 2016 года ў Мінску. Яго абвінавацілі ў "гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў" — ён парваў куртку міліцыянеру.

Актывіст, які вызваліўся ў кастрычніку 2018 года, быў зноў арыштаваны 20 сакавіка 2019 года. 5 красавіка яму было выстаўленае абвінавачанне на падставе некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), апаганьванне збудавання і псаванне маёмасці (арт. 341), распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130).

Пазней актывісту было выстаўленае яшчэ адно абвінавачванне па арт. 341 КК (за графіці ў Курапатах), а таксама абвінавачванне па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) — за абразу былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Выстаўленае ў красавіку абвінавачванне на падставе арт. 341 КК тычылася нанясення графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Мінска. Крымінальную справу СК распачаў 23 студзеня.

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239