Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/28/ru_1021892_123/
Дата раздрукоўкі: 15.07.2020 15:10
28.10.2019 14:29 Палітыка

Лукашэнка: 30 танкаў ля нашай мяжы — проста смешна для нашай арміі, але мы вымушаныя адказваць

Мінск, 28 кастрычніка. Размяшчэнне ў Літве непадалёк ад беларускай мяжы бранятанкавай тэхнікі і кантынгенту Узброеных сіл ЗША Аляксандр Лукашэнка лічыць дэманстратыўным крокам, на які Беларусь вымушаная адказваць. Пра гэта ён заявіў 28 кастрычніка, заслухоўваючы даклад аб ваенна-палітычным становішчы, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У нарадзе ўзялі ўдзел дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, міністр абароны Андрэй Раўкоў і начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Ціханаў.

"Гэта, вядома, бранятанкавы кулак, не трэба прымяншаць значэнне. Але 30 танкаў і 30 бронемашын — гэта проста смешна супраць беларускай арміі. Мы ж, як я часта кажу, чатыры мадэрнізацыі сваёй арміі правялі, і мы выдатна разумелі, якія кулакі будуць створаныя каля нашых межаў і з якім праціўнікам мы, не дай бог, зможам сутыкнуцца, — сказаў беларускі кіраўнік. — Мы да гэтага рыхтаваліся, таму 30 танкаў проста смешна для нашага войска. Мы нават ніякіх целарухаў можам не рабіць, каб супрацьстаяць".

Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, пытанне ў іншым: "Ніколі яшчэ так дэманстратыўна да нашых межаў з-за акіяна не перакідваліся войскі. Ніколі такога не было. Па-мойму, у Літве нават гэта ўпершыню. Гэта прэцэдэнт. І гэта па-першае. Па-другое, натуральна, на такія дэманстрацыі мы проста вымушаныя адказваць. Пры гэтым трэба разумець, што мы не павінны бразгаць зброяй. Мы міралюбная дзяржава, мы не хочам ваяваць".

Лукашэнка нагадаў, што некалькі дзён таму даручыў распрацаваць і ў самым хуткім часе прадставіць яму план мерапрыемстваў па адэкватным рэагаванні на дзеянні паблізу межаў з Беларуссю.

"Я ўважліва сачыў за СМІ, тым, як гэта ўспрымаецца нашымі палітолагамі, спецыялістамі, журналістамі, якая рэакцыя ў нашым грамадстве. Не скажу, што яна правільная, з майго пункту гледжання", — заўважыў ён.

Лукашэнка паведаміў, што паглядзеў на дыслакацыю войскаў НАТА ў Заходняй Еўропе, а таксама ролю перакідваных амерыканцамі сіл, зыходзячы з дакладу разведвальнага ўпраўлення. "Ідзе перакідка. І наша разведка гэта фіксуе. Малайцы. Ад моманту выгрузкі ў латвійскім порце ў Рызе да перасоўвання да месца дыслакацыі мы маем усе дадзеныя, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Паўтысячы дзесьці ваенных, да 600 чалавек, якія перакідваюцца да нашай мяжы. Недзе 29-30 танкаў, бронемашыны з усім спадарожным персаналам".

Ён адзначыў, што, "адсочваючы рознага роду заявы палітыкаў, журналістаў, блогераў і шарлатанаў, бачыць нейкія канспіралагічныя версіі". "Ніякай тут канспіралогіі няма. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэтая брыгада не сапернік нашым Узброеным сілам. Мы, шчыра кажучы, можам справіцца з імі нават нашымі мабільнымі дэсантна-штурмавымі падраздзяленнямі, якія выконваюць адпаведныя функцыі. У нас у саміх дастаткова сіл і сродкаў для таго , каб рэагаваць на падобныя рэчы, і не толькі на падобныя. Таму не трэба тут заклікаць ўвесь свет стаць на абарону Беларусі. Мы самі сябе зможам абараніць", — падкрэсліў афіцыйны беларускі лідар.

Як заявіў Лукашэнка, Беларусь "за мінулыя стагоддзі ўжо неаднаразова пакутавала ад чужых войнаў". "Старонка войнаў для беларускага народа ўжо перагорнутая. Наша палітыка зразумелая: мы хочам, каб у гэтым рэгіёне і Еўропе ў цэлым — нашым агульным доме — быў мір. Але, мабыць, камусьці карціць", — заявіў ён.

Лукашэнка нагадаў пра "некаторыя ўрокі мінулага, калі перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны запэўнівалі, што вайны не будзе, а з гітлераўскай Германіяй падпісваліся дамовы", паведамляе прэс-служба прэзідэнта. "Нас заўсёды нацэльвалі тады не адказваць на правакацыі. І мы, склаўшы рукі, маючы ва Украіне і Беларусі каласальныя сілы, страцілі Украіну і Беларусь у лічаныя месяцы", — заявіў ён.

"Таму так, мы прымаем заявы палітыкаў Еўропы і Амерыкі, ваенных нашых калег аб тым, што яны міралюбныя людзі і не збіраюцца з намі ваяваць. Мы гэта чуем, разумеем, прымаем, але зыходзячы з урокаў мінулага порах павінны трымаць сухім і на любыя акцыі падобнага роду мы павінны адэкватна рэагаваць. Ніякага бразгання зброяй. Ні ў якім разе!" — адзначыў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў Беларусі "не будуць з нагоды гэтай сітуацыі выдаваць розныя фэйкі ў СМІ, як гэта адбываецца ў некаторых уладных людзей". "Нам гэтыя фэйкі не патрэбныя. Мы павінны дакладна сказаць людзям, як мы на гэта будзем рэагаваць і колькі гэта будзе каштаваць. І сваім супернікам таксама", — заявіў Лукашэнка.

"Вы бачыце па падзеях у Сірыі. Калі амерыканцы з бензавозамі або без бронетэхнікі, і нават без зброі, усе стараюцца далей ад іх трымацца. Толькі б не сутыкнуцца з амерыканцамі, таму што на іх абрынецца нейкая нязломная моц. Гэта трэба ўлічваць. Армія ЗША, НАТА, раскватараваная тут у Еўропе, гэта сапраўды моц. Але амерыканцы павінны разумець: не дай бог, нейкае сутыкненне, то мы (людзі ваенныя) у пашпарты глядзець не будзем. Хто супраць нас будзе ваяваць — амерыканцы, літоўцы, немцы ці яшчэ хтосьці... Мы ў пашпарты не глядзім".

Літоўскіх палітыкаў і кіраўніцтва Літвы Лукашэнка папярэдзіў, што разглядаюцца розныя варыянты адказаў не толькі на перакідку ўзброеных сіл, але і на сярэднюю і далёкую будучыню: "сярэднетэрміновая будучыня — гэта іх вучэнні. Перш за ўсё гэта вам даручэнне — ваенным: падрыхтавацца да іх вучэнняў. Яны праводзяць свае вучэнні — мы, да прыкладу, рэагуючы на гэта, праводзім свае вучэнні ці яшчэ нешта. Гэта вы мне сёння зробіце справаздачу".

"А літоўцы павінны разумець, што адэкватныя адказы — гэта адно. Але ў нас дастаткова сіл і сродкаў для таго, каб адказаць асіметрычна, як сёння прынята ў палітыкаў гаварыць", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Мы не бразгаем зброяй. Мы рыхтуем адэкватныя адказы на любыя рухі цела. І тое, што мяне насцярожвае, — гэта прэцэдэнт. Не хацелася б, каб за 15 км ад нашых межаў размяшчаліся войскі, усё роўна, якія яны там", — рэзюмаваў Лукашэнка.

У канцы верасня прэс-служба Міністэрства нацабароны Літвы паведаміла, што ў рамках аперацыі арміі ЗША ў Еўропе "Атлантычная рашучасць" у Літву прыбудуць больш за 500 ваеннаслужачых 1-га танкавага батальёна 9-га палка 1-й дывізіі арміі ЗША, а таксама 30 танкаў "Абрамс", 25 баявых машын пяхоты "Брэдлі", 70 колавых транспартных сродкаў. Тыдзень таму літоўскае ваеннае ведамства адрапартавала, што частка ваенных і цяжкай тэхнікі ўжо на тэрыторыі краіны.

23 кастрычніка на сайце літоўскага ваеннага ведамства была апублікаваная заява міністра нацыянальнай абароны Літвы Раймундаса Каробліса аб тым, што ваенных ці іншых пагроз суверэнітэту Беларусі з боку Захаду няма.

"Літва непасрэдна зацікаўленая ў захаванні незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, а таксама ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва, — адзначыў Каробліс. — Таму я магу запэўніць вас, што няма ніякіх ваенных ці іншых пагрозаў суверэнітэту Беларусі, прынамсі, з боку Захаду. Да вясны [2020 года] колькасць дыслакаванага ў Літве [амерыканскага] батальёна не можа ўяўляць пагрозу для бяспекі Беларусі, таму мы сапраўды спадзяемся, што беларуская рэакцыя будзе адэкватнай".

Літоўскі міністр падкрэсліў, што ратацыя сіл НАТА, у тым ліку ЗША, у Балтыйскім рэгіёне з'яўляецца "звычайнай практыкай, асабліва пасля 2014 года". "Такія ратацыі адбываліся ў мінулым і будуць працягвацца ў будучыні. Мы лічым, што гэта з'яўляецца важным стрымальным фактарам для бяспекі ў нашым рэгіёне", — растлумачыў ён.

Каробліс звярнуў увагу на тое, што перад прыбыццём амерыканскіх войскаў у Літву Міністэрства нацабароны і ЗША "загадзя падалі падрабязную інфармацыю аб прыбыцці батальёна: час прыбыцця, узбраенне і рыштунак, меркаваную працягласць знаходжання". "Мы плануем працягнуць гэтую палітыку адкрытасці ў будучыні. Мы чакаем таго ж ад нашых суседзяў", — адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства.

Пры гэтым ён прызнаў, што апошнімі гадамі інтэнсіўнасць ваенных вучэнняў НАТА па абароне Балтыйскага рэгіёна ўзрасла, але падкрэсліў, што "беларускаму боку вядомыя прычыны таго, чаму гэта адбываецца", што яны "не маюць ніякага дачынення да Беларусі і не накіраваныя супраць яе".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239