Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/29/ru_1022048_1022049/
Дата раздрукоўкі: 29.09.2020 17:45
29.10.2019 15:57 Культура, Грамадства

Развітанне з кампазітарам Алегам Молчанам адбудзецца 1 лістапада ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі

Мінск, 29 кастрычніка. Цырымонія развітання з вядомым беларускім кампазітарам Алегам Молчанам адбудзецца 1 лістапада ў Мінску ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі з 11.00 да 14.00.

Як паведаміла ўдава кампазітара спявачка Ірына Відава, пахаваны ён будзе на Усходніх могілках Мінска.

Алег Молчан памёр 26 кастрычніка пасля цяжкай працяглай хваробы. Тры апошнія гады ён змагаўся з анкалагічным захворваннем. Усё лета гэтага года знаходзіўся на лячэнні ў стацыянары РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, а з 16 кастрычніка — у адной з клінік Жэневы.

Алег Молчан нарадзіўся ў Мінску 11 красавіка 1965 года ў сям'і прафесійнага музыканта. У 1983 годзе скончыў сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Белдзяржкансерваторыі (цяпер каледж-ліцэй) па класе харавога дырыжыравання.

Кар'ера Молчана як піяніста пачалася адразу пасля заканчэння ССМШ. Ён супрацоўнічаў з рознымі музычнымі калектывамі і іграў сольныя праграмы. У 1985—1987 гадах Алег Молчан быў прызваны на тэрміновую ваенную службу, якую праходзіў у ансамблі песні і танца Белпалка. У складзе гэтага калектыву ўдзельнічаў у канцэртах у 30-кіламетровай зоне Чарнобыльскай АЭС.

Дэмабілізаваўшыся, Алег Молчан працаваў у Белдзяржфілармоніі ў якасці кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля "Асарці", паралельна займаючыся аранжыроўкамі твораў і кампазітарскай дзейнасцю.

У 1991 годзе народны артыст СССР Уладзімір Мулявін запрасіў Алега Молчана на працу ў дзяржаўны ансамбль "Песняры" ў якасці піяніста, аранжыроўшчыка і кампазітара. Фактычна ж Молчан стаў музычным кіраўніком калектыву.

Многія песні, напісаныя Алегам Молчанам у "Песнярах", ужо належаць да сучаснай песеннай класікі. Вяршыняй яго творчасці ў "Песнярах" па праву лічыцца песня на вершы Янкі Купалы "Малітва", якую ўзяў у свой рэпертуар Уладзімір Мулявін.

Песні Молчана з задавальненнем бралі ў рэпертуар вядомыя беларускія артысты: Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Відава, Якаў Навуменка, Мікалай Скорыкаў.

Алег Молчан — прызнаны эксперт у галіне аўтарскага права, у 2018 годзе быў абраны прэзідэнтам Еўразійскай канфедэрацыі таварыстваў праваўладальнікаў.

У 2019 годзе Алег Молчан быў узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны.

Алеся Яновіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239