Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/31/ru_1022290_123/
Дата раздрукоўкі: 28.09.2020 06:09
31.10.2019 14:34 Эканоміка, Фінансы

МВФ можа перагледзець прагноз па Беларусі

Мінск, 31 кастрычніка. Міжнародны валютны фонд можа перагледзець прагноз па Беларусі пасля кансультацый з беларускімі ўладамі. Такое меркаванне выказаў 31 кастрычніка дарадца выканаўчага дырэктара МВФ Аляксандр Забароўскі журналістам падчас Кастрычніцкага эканамічнага форуму (KEF).

Ён звярнуў увагу, што цяпер у Мінску працуе тэхнічная місія МВФ. "Абмяркоўваецца з беларускімі ўладамі макраэканамічная палітыка, прагнозы, пытанні фінансавага сектара", — сказаў Забароўскі.

Пасля тэхнічнай місіі, удакладніў ён, Беларусь наведае яшчэ адна — штогадовая, якая накіроўваецца ў краіну ў адпаведнасці з артыкулам IV статута МВФ.

"Будучая місія пасля наведвання Мінска абновіць прагноз МВФ па Беларусі, які фармаваўся яшчэ ў жніўні гэтага года", — сказаў Забароўскі.

Вялікая верагоднасць, што па выніках дзвюх місій эканамічны прагноз па Беларусі будзе перагледжаны, выказаў здагадку Забароўскі.

"У мяне ёсць такое ўражанне, што па выніках працы цяперашняй і будучай місій фонду прагнозы, якія МВФ дае па Беларусі, і прагноз, які ёсць у беларускага боку ў бюджэтным сцэнары, могуць стаць вельмі блізкія", — сказаў Забароўскі.

На яго думку, візіты місій МВФ у Беларусь дазволяць зблізіць пазіцыі фонду і беларускіх уладаў, у тым ліку па пытаннях макраэканамічнай палітыкі.

"Мая асабістая місія, каб дыялог паміж урадам і фондам быў найбольш эфектыўным і каб выканаўчы савет МВФ, калі ён атрымае дакументы па Беларусі, атрымаў аб'ектыўны і ўзважаны погляд па нашай краіне", — сказаў Забароўскі, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Паводле апошняга апублікаванага прагнозу, МВФ чакае, што ў наступным годзе беларуская эканоміка вырасце на 0,3%.

Раней беларускі ўрад чакаў росту эканомікі на ўзроўні 2,8% у наступным годзе. Аднак праект бюджэту на 2020 год звярстаны на аснове кансерватыўнай ацэнкі, згодна з якой рост эканомікі можа скласці 1,9%.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239