Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/10/31/ru_1022332/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 17:33
31.10.2019 17:58 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Дапкюнас: Беларускі бок зацікаўлены ў падпісанні ў найхутчэйшым часе пагадненняў з ЕС аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі

Мінск, 31 кастрычніка. Беларускі бок зацікаўлены ў далейшым паступальным развіцці паўнавартаснага дыялогу з Еўрапейскім саюзам і яго асобнымі краінамі, перадусім краінамі-суседзямі, заявіў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас 31 кастрычніка ў Мінску на сустрэчы з намеснікам генеральнага дырэктара Еўрапейскай камісіі па палітыцы суседства і пашырэнні ЕС Мацеем Папоўскім, які наведаў Кастрычніцкі эканамічны форум.

"Намеснік міністра падкрэсліў прынцыповую зацікаўленасць беларускага боку ў падпісанні ў найхутчэйшым часе пагадненняў з ЕС аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі, што адпавядае чаканням грамадзян Беларусі і будзе спрыяць пашырэнню разнастайных сувязей з еўрапейскімі краінамі на розных узроўнях", — адзначыла прэс-служба МЗС.

Суразмоўцы абмеркавалі "шырокае кола пытанняў беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, сітуацыі ў галіне бяспекі на Еўрапейскім кантыненце і ў свеце, а таксама ўзаемадзеяння ў межах шматбаковых інстытутаў". Гаворка ішла, у прыватнасці, пра "перспектывы аднаўлення сумеснай работы над прыярытэтамі партнёрства паміж Беларуссю і ЕС".

Дапкюнас "падзяліўся беларускім бачаннем развіцця Усходняга партнёрства пасля 2020 года ў якасці аб’яднальнай і неканфрантацыйнай ініцыятывы, арыентаванай на дасягненне практычных вынікаў у інтарэсах народаў краін ЕС і ўсходніх партнёраў".

Прадстаўнік МЗС "давёў да суразмоўцы сутнасць апошніх мірных ініцыятыў Беларусі на міжнароднай арэне, у тым ліку адносна запуску новага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі, змяншэння рызыкі аднаўлення прысутнасці на Еўрапейскім кантыненце ракет сярэдняй і меншай дальнасці і стварэння поясу лічбавага добрасуседства, якія накіраваны на змяншэнне напружанасці і ўмацаванне ўзаемнага даверу ў Еўропе".

Дапкюнас "заклікаў еўрапейскі бок да сумесных дзеянняў у мэтах рэагавання на глабальныя выклікі як у двухбаковым, так і шматбаковым фарматах".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН