Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/01/ru_1022392_123/
Дата раздрукоўкі: 12.11.2019 08:58
01.11.2019 11:30 Эканоміка, Фінансы

Нацбанк падрыхтаваў стратэгію павышэння даверу да беларускага рубля

Мінск, 1 лістапада. Нацыянальны банк падрыхтаваў стратэгію павышэння даверу да нацыянальнай валюты, паведаміў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур журналістам 1 лістапада падчас Міжнароднага форуму высокага ўзроўню, прысвечанага пытанням павышэння даверу да нацвалют.

"Мы папярэдне гэты дакумент з урадам абмеркавалі, яшчэ раней разгледзелі на Кансультатыўным савеце Нацбанка, хочам абмеркаваць гэты дакумент з міжнароднымі экспертамі і будзем ураду прапаноўваць прыняць гэтую стратэгію", — распавёў Калаур, адказваючы на пытанні БелаПАН.

Намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц, выступаючы на форуме, заявіў, што для дасягнення гэтай мэты неабходна вырашыць шэраг задач.

"Першае — пастаяннае забеспячэнне стабільна нізкай інфляцыі (з улікам структурных асаблівасцяў нацыянальнай эканомікі). Другое — рэалізацыя сістэмных мер, накіраваных на фарміраванне празрыстага і камфортнага для эканамічных агентаў эканамічнага асяроддзя", — сказаў Калечыц.

Акрамя гэтага, дадаў ён, неабходна адмовіцца ад выкарыстання замежных валют пры разліках унутры краіны, а таксама пры ўсталяванні падатковых і арэндных плацяжоў.

"Канчатковым індыкатарам паспяховасці рэалізацыі нашай стратэгіі па павышэнні даверу да беларускага рубля павінна стаць набліжэнне долі нацвалюты ў шырокай грашовай масе і ў патрабаваннях банкаў і Банка развіцця да эканомікі да 80 працэнтаў", — падкрэсліў Калечыц.

На яго думку, гэта будзе "сведчыць аб аднаўленні беларускім рублём свайго функцыяналу, у тым ліку паўнавартаснага выканання функцый сродку абарачэння, сродку плацяжу, сродку зберажэння і меры кошту, а таксама аб эфектыўнасці фінансава-крэдытнай і ўсёй эканамічнай палітыкі дзяржавы".

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН