Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/01/ru_1022441_102036/
Дата раздрукоўкі: 12.11.2019 09:44
01.11.2019 15:40 Палітыка, Эканоміка, Фінансы

Праект бюджэту Беларусі на 2020 год паступіў у парламент

Мінск, 1 лістапада. Праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на наступны год унесены ў Палату прадстаўнікоў. "Нулявое чытанне" плануецца 6 лістапада, паведаміла ў сацсетках дэпутат Ганна Канапацкая, якая апублікавала тэкст дакумента.

"Нулявое чытанне" праекта бюджэту прадугледжвае папярэднія кансультацыі кіраўніцтва ўрада з парламентам. Варта адзначыць, што пры падрыхтоўцы прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2020 год урад выкарыстаў два сцэнарыі: мэтавы для прагнозу і базавы для бюджэту.

Як адзначаецца ў тлумачальнай запісцы да праекта, пры фармаванні бюджэту на 2020 год за аснову прыняты базавы сцэнарый умоў эканамічнага развіцця. "Ён прадугледжвае ў 2020 годзе рост ВУП на ўзроўні 101,9% (у 2021 годзе — 101,4%, у 2022 годзе — 102,1%), сярэднегадавы курс расійскага рубля да долара ЗША — 67,5 рубля, сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара ЗША — 2,2447 рубля, сярэднегадавую цану на нафту маркі URALS — 60 долараў ЗША за бараль, стаўку рэфінансавання на ўзроўні 9,5%, захаванне аб'ёму імпарту нафты з Расійскай Федэрацыі для перапрацоўкі — 18 млн тон", — гаворыцца ў тлумачэнні.

Згодна з праектам закона, расходы рэспубліканскага бюджэту ў наступным годзе складуць больш за 25,4 млрд, даходы — прыкладна 24,4 млрд рублёў. Такім чынам, у 2020 годзе чакаецца перавышэнне расходаў над даходамі (дэфіцыт) бюджэту ў 995,1 млн рублёў.

"Падатковая палітыка на 2020 год будзе ажыццяўляцца з улікам неабходнасці кансалідацыі даходаў бюджэту ва ўмовах рэалізацыі "падатковага манеўру" ў Расійскай Федэрацыі, а таксама іншых фактараў", — падкрэсліваецца ў тлумачэнні да праекта.

Прагнозныя паказчыкі па даходах бюджэту на 2020 год улічваюць дадатковыя даходы ў 542,4 млн рублёў, якія будуць сфармаваныя за кошт: захавання ставак акцызаў на аўтамабільнае паліва на павялічаным з сакавіка 2019 года ўзроўні (дадатковыя даходы бюджэту — 139,8 млн рублёў); стымулявання ўвозу легкавых аўтамабіляў з трэціх краін шляхам зніжэння ў два разы для інвалідаў I—II групы і шматдзетных бацькоў сумы патрабаваных да выплаты мытных плацяжоў (200,0 млн рублёў); індэксацыі ставак падаткаў, устаноўленых у беларускіх рублях, у мэтах іх адаптацыі да інфляцыйных працэсаў, на прагнозны параметр інфляцыі — 5% (дадатковыя даходы — прыкладна 29,8 млн рублёў).

Запланаваныя даходы ад павелічэння ставак акцызаў у рамках іх гарманізацыі ў ЕАЭС: на моцныя алкагольныя напоі — на 6% (34,0 млн рублёў); на тытунёвыя вырабы — на 15% на ўсе цэнавыя групы (138,8 млн рублёў).

Страты даходаў бюджэту ў параўнанні з 2019 годам ацэньваюцца ў 1 млрд 883,7 млн рублёў. У тым ліку з-за рэалізацыі падатковага манеўру ў Расійскай Федэрацыі страты рэспубліканскага бюджэту ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты складуць 537,2 млн рублёў (239,3 млн долараў ЗША).

Ад спынення тэрміну дзеяння дамоўленасцей з Расіяй у нафтагазавай сферы страты рэспубліканскага бюджэту ацэньваюцца ў 950,9 млн рублёў (423,6 млн долараў ЗША).

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН