Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/03/ru_1022558_123/
Дата раздрукоўкі: 12.11.2019 09:03
03.11.2019 12:49 Грамадства, Палітыка

У Мінску праходзіць традыцыйнае шэсце ў Курапаты

Мінск, 3 лістапада. Каля 250 чалавек бяруць удзел у традыцыйным шэсці ў Курапаты з нагоды дня памінання продкаў Дзяды ў Мінску, якое арганізавала Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ.

Калона дэманстрантаў прыкладна апоўдні вырушыла ад гадзіннікавага завода "Прамень" у Курапаты, дзе пройдзе мітынг.

На чале калоны ўдзельнікі акцыі нясуць транспаранты і плакаты "Дзяды", "Курапаты — наш народны мемарыял", "Жыве незалежная Беларусь!", "Хайшы — віцебскія Курапаты", "Ліда памятае", "Народны мемарыял — пашана забітым продкам", "Хто расстраляў беларускае слова?", "Хто ў 37-м нас забіваў?", "Хутка Радзіма скіне аковы", "Расія — гэта вайна" і іншыя.

Дэманстранты таксама нясуць дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў, сцягі з сімволікай КХП-БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі "Малады фронт", сцягі Вялікага Княства Літоўскага з гербам "Пагоня", сцягі Еўрасаюза. Таксама ўдзельнікі акцыі нясуць каля дзясятка драўляных крыжоў даўжынёй не большых за метр.

У калоне ідуць сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец, лідар "Маладога фронту" Дзяніс Урбановіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, актывіст анархісцкага руху Дзмітрый Паліенка, а таксама кіраўнікі КХП-БНФ Юрась Беленькі, Алесь Чахольскі і іншыя.

За акцыяй назіраюць шматлікія супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, некаторыя з іх вядуць відэаздымку. Акрамя журналістаў недзяржаўных СМІ шэсце здымае дзяржаўнае тэлебачанне.

Падчас акцыі адбылося некалькі інцыдэнтаў. Так, падчас збору людзей каля гадзіннікавага завода арганізатары шэсця абурыліся тым, што адзін з прысутных разгарнуў польскі сцяг. Яны заявілі, што гэта правакацыя, і прымусілі яго схаваць сімволіку суседняй дзяржавы. Таксама на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Валгаградскай некалькі ўдзельнікаў шэсця ў сярэдзіне калоны запалілі фаеры, што выклікала незадавальненне шэрагу іншых дэманстрантаў.

Па стане на 12.30 дэманстранты дайшлі да Нацыянальнай бібліятэкі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН