Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/03/ru_1022590_123/
Дата раздрукоўкі: 12.11.2019 09:00
03.11.2019 17:22 Грамадства, Палітыка

У Мінску дзень памяці продкаў Дзяды адзначылі шэсцем у Курапаты

Мінск, 3 лістапада. У Мінску 3 лістапада з удзелам прыкладна 250 чалавек прайшло традыцыйнае шэсце ў Курапаты, арганізаванае Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ з нагоды дня памінання продкаў Дзяды.

Калона дэманстрантаў прыкладна апоўдні вырушыла ад гадзіннікавага завода "Прамень" да месца масавага расстрэлу ахвяр сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. На чале калоны ўдзельнікі акцыі неслі транспаранты і плакаты "Дзяды", "Курапаты — наш народны мемарыял", "Жыве незалежная Беларусь!", "Хайшы — віцебскія Курапаты", "Ліда памятае", "Народны мемарыял — пашана забітым продкам", "Хто расстраляў беларускае слова?", "Хто ў 37-м нас забіваў?", "Хутка Радзіма скіне аковы", "Расія — гэта вайна" і іншыя.

Дэманстранты таксама неслі дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў, каля дзясятка драўляных крыжоў, сцягі з сімволікай КХП-БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД), не зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі "Малады фронт", сцягі Вялікага Княства Літоўскага з гербам "Пагоня", сцягі Еўрасаюза.

У калоне прайшлі сустаршыні БХД Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец, лідар "Маладога фронту" Дзяніс Урбановіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, актывіст анархісцкага руху Дзмітрый Паліенка, а таксама кіраўнікі КХП-БНФ Юрась Беленькі, Алесь Чахольскі і іншыя.

За акцыяй назіралі шматлікія супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, некаторыя з іх вялі відэаздымку. Акрамя журналістаў недзяржаўных СМІ шэсце здымала дзяржаўнае тэлебачанне.

Падчас акцыі адбылося некалькі інцыдэнтаў. Так, падчас збору людзей каля гадзіннікавага завода арганізатары шэсця абурыліся тым, што адзін з прысутных разгарнуў польскі сцяг. Яны заявілі, што гэта правакацыя, і прымусілі яго схаваць сімволіку суседняй дзяржавы. Таксама на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Валгаградскай некалькі ўдзельнікаў шэсця ў сярэдзіне калоны запалілі фаеры, што выклікала незадавальненне шэрагу іншых дэманстрантаў.

Прыкладна ў 15.20 у Курапатах, дзе колькасць удзельнікаў вырасла да 300, пачаўся мітынг, падчас якога адказны сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі зачытаў зварот зачытаў зварот лідара партыі Зянона Пазняка.

Лідар КХП-БНФ адзначыў, што мемарыял быў створаны 29 кастрычніка 1989 года "ў традыцыях беларускай мемарыяльнай культуры", калі людзі "прынеслі сюды на руках вялікі сяміметровы пакаянны крыж" і ўсталявалі яго "пад гукі рэквіема і малітвы".

"З 2000 года кожны раз на Дзяды сюды прыходзілі тысячы людзей, якія неслі на плячах крыжы і ўсталёўвалі іх каля магіл расстраляных продкаў, — адзначыў палітык. — Так ствараўся вечны мемарыял памяці аб генацыдзе. Кожны год на Дзяды сюды прыходзяць людзі і нясуць крыжы — помнікі вечнасці. Штогод кожнае пакаленне беларусаў прыносіць сюды і ставіць тут свае знакі памяці. Гэты працэс не спыніць, пакуль жыве народ. Ён стаў рытуалам і святой часткай памяці. Мы ўсе тут стваральнікі народнага мемарыяла".

Пазняк падкрэсліў, што "ніякі змрок і чартоўская сіла не знішчаць Курапаты, пакуль мы жывем". Ён заклікаў "шанаваць нашых дзядоў, расстрэльныя магілы продкаў, паважаць сваю гісторыю, пакутнікаў і герояў".

"Гэта вельмі важна для беларускай нацыі, каб вытрымаць агрэсію, перамагчы ворагаў чалавецтва і адбудаваць нашу светлую і свабодную Беларусь", — адзначыў палітык.

У часе мітынгу КХП-БНФ было абвешчана, што партыя на гэтым тыдні падала заяўку на правядзенне яшчэ аднаго традыцыйнага шэсця і мітынгу — у сталічным Лошыцкім яры 10 лістапада. Адказу гарадскіх уладаў партыя чакае ў пачатку наступнага тыдня.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН