Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/04/ru_1022675_1022676/
Дата раздрукоўкі: 12.11.2019 08:58
04.11.2019 18:33 Палітыка

Мядзведзеву "вельмі дзіўна" чуць заяву Лукашэнкі аб "чужых войнах"

Мінск, 4 лістапада. Прэм`ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў негатыўна ацаніў нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Беларусь пакутавала ад удзелу ў чужых войнах.

"Мне здаецца, што ну вось мы ні ў якім разе не павінны кідаць хоць нейкі цень на подзвіг нашых продкаў, якія абаранялі сваю зямлю, жылі на тэрыторыі сучаснай Расіі або Беларусі. Але яны абаранялі ж сваю зямлю ад захопнікаў", — сказаў Мядзведзеў, адказваючы на пытанні СМІ 4 лістапада ў Бангкоку, дзе ён узяў удзел у 14-м Усходнеазіяцкім саміце (відэазапіс прэс-канферэнцыі размешчаны на YouTube).

"Так было ў 1812 годзе, так было ў перыяд Першай сусветнай вайны, якую б ацэнку там ні давалі ёй гісторыкі. Так, натуральна, было ў перыяд Другой сусветнай, або Вялікай Айчыннай, вайны. Нашы бацькі і дзяды абаранялі нашу зямлю. Гэта не ўдзел у чужых войнах. Таму для мяне вельмі дзіўна чуць такія словы. Асабліва важна, мне здаецца, гэта падкрэсліць у такое свята, як сёння. Сёння — Дзень народнага адзінства, і, як вядома, у гэты перыяд Расія была выратавана ў 1612 годзе ад інтэрвентаў", — заявіў кіраўнік расійскага кабінета.

На тэму ўдзелу ў чужых войнах Лукашэнка разважаў 28 кастрычніка гэтага года, заслухоўваючы даклад аб ваенна-палітычным становішчы, рызыках, выкліках і пагрозах для Беларусі, прапановах па рэагаванні. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дзяржсакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась, міністр абароны Андрэй Раўкоў і начальнік галоўнага разведвальнага ўпраўлення — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Павел Ціханаў.

"Мы не хочам ваяваць. Мы ўжо наваяваліся, я ўжо казаў, у чужых войнах. Мы заўсёды гублялі больш, чым хто-небудзь, у гэтых войнах, пачынаючы з Напалеона, сваю эканоміку, сваіх людзей. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта былі не нашы вайны, але мы заўсёды пакутавалі ад гэтых нашэсцяў", — заявіў беларускі кіраўнік.

"Таму старонка войнаў для беларускага народа ўжо перагорнутая, — падкрэсліў ён. — Наша палітыка зразумелая: мы хочам, каб у гэтым рэгіёне і ў Еўропе ў цэлым, у нашым агульным доме быў мір. Але, мабыць, камусьці карціць. Таму, зыходзячы зноў жа з урокаў мінулага, вы памятаеце апошнюю вайну, калі нас закалыхвалі: войны не будзе, падпісалі дамовы з гітлераўскай Германіяй, нас заўсёды нацэльвалі на тое тады — не адказваць на правакацыі і г.д. і да т.п. І мы, склаўшы рукі, маючы ў Беларускай ваеннай акрузе і ва Украіне, і ў Беларусі, маючы каласальныя сілы, страцілі і Украіну і Беларусь у лічаныя месяцы".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН