Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/05/ru_1022760_123/
Дата раздрукоўкі: 22.11.2019 10:35
05.11.2019 16:27 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Румас: Вырашаць праблему недапушчальна нізкіх зарплат даводзіцца ў ручным рэжыме

Мінск, 5 лістапада. У 2020 годзе сярэдняя зарплата ў Беларусі павялічыцца да 1.162 рублёў, заявіў прэм'ер-міністр Сяргей Румас, выступаючы 5 лістапада ў Палаце прадстаўнікоў падчас нулявога чытання праекта бюджэту на 2020 год.

"У сакавіку сярэдняя зарплата павялічылася да 1.000 рублёў, па выніках студзеня—верасня яна дасягнула 1.070 рублёў", — сказаў Румас.

Пры гэтым ён адзначыў, што ўрад цяпер працуе над павышэннем зарплат нізкааплатных катэгорый грамадзян. "Цяпер даводзіцца ў ручным рэжыме займацца прадпрыемствамі, на якіх захоўваецца недапушчальна нізкая зарплата — у раёне 500-600 рублёў", — сказаў Румас.

У бюджэтным сектары, дадаў ён, сярэднюю зарплату плануецца давесці да ўзроўню 80% ад сярэдняй зарплаты.

"Адносна пенсій будзем прытрымлівацца прынцыпу, што іх узровень павінен знаходзіцца на адзнацы 40% ад сярэдняй зарплаты", — удакладніў Румас.

У сваю чаргу, міністр фінансаў Максім Ермаловіч адзначыў, што асаблівасць бюджэту будучага года заключаецца ў павелічэнні расходаў казны на бюджэтную сферу.

"Для забеспячэння прымальнага ўзроўню зарплат у бюджэтным сектары спатрэбіцца каля 15 млрд рублёў. Дадаткова ў параўнанні з бягучым годам плануецца адшукаць 1,8 млрд рублёў на павышэнне зарплат. У першую чаргу, сродкі будуць накіраваныя на аплату працы нізкааплатных катэгорый грамадзян", — адзначыў Ермаловіч.

У прыватнасці, дадаў ён, прадугледжана павышэнне зарплат настаўнікаў і ўрачоў. "Задача па павелічэнні заробкаў бюджэтнікаў да 80% ад узроўню сярэдняй зарплаты будзе выкананая. У будучым годзе сярэдняя зарплата бюджэтнікаў вырасце з 843 рублёў у гэтым годзе да 921 рубля ў 2020-м", — сказаў кіраўнік Мінфіна. Такім чынам, на кожнага бюджэтніка расходы бюджэту ў наступным годзе вырастуць за месяц на 78 рублёў.

Акрамя гэтага, дадаў Ермаловіч, у наступным годзе плануецца павялічыць памер пенсіі. "Для павелічэння пенсій да ўзроўню 40% ад памеру сярэдняй зарплаты плануецца на траціну павялічыць субвенцыі з рэспубліканскага бюджэту ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Амаль мільярд рублёў плануецца накіраваць на забеспячэнне збалансаванасці бюджэту фонду", — паведаміў міністр фінансаў.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН