Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/06/ru_1022830_471125/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 21:24
06.11.2019 10:02 Эканоміка, Фінансы

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ўстанавілі новы рэкорд

Мінск, 6 лістапада. Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў кастрычніку выраслі больш як на 360 млн долараў і на 1 лістапада склалі 9,2 млрд долараў, паведамляе Нацыянальны банк.

Варта заўважыць, што гэта максімальны ўзровень рэзерваў за ўсю гісторыю краіны. Папярэдні рэкорд быў зафіксаваны 1 верасня, калі рэзервы дасягнулі 8,9 млрд долараў.

"За кастрычнік 2019 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 362,9 млн долараў ЗША (на 4,1%) пасля зніжэння ў верасні 2019 года на 60,1 млн долараў ЗША (на 0,7%)", — адзначаюць у Нацбанку.

У кастрычніку 2019 года ўрадам і Нацыянальным банкам выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце прыкладна на 225 млн долараў ЗША, гаворыцца ў паведамленні рэгулятара.

Згодна са звесткамі Нацбанка, павелічэнню ўзроўню рэзерваў у кастрычніку спрыялі некалькі фактараў: купля замежнай валюты на ўнутраным рынку; паступленне замежнай валюты ў бюджэт ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты; продаж валютных дзяржаблігацый.

"Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год аб'ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2020 года павінен скласці не менш за 7,1 млрд долараў ЗША", — нагадвае Нацбанк.

Асноўныя напрамкі грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год прадугледжваюць, што да канца года рэзервы павінны скласці не менш як 7,3 млрд долараў.

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур на брыфінгу ў жніўні, адказваючы на пытанні БелаПАН, адзначыў, што рэгулятар прытрымліваецца асцярожных ацэнак адносна будучай дынамікі рэзерваў. "Мы закладаем на 2020 год вельмі асцярожныя падыходы і максімальна ўлічваем рызыкі гандлёвых войнаў, што разгарнуліся паміж асобнымі дзяржавамі, якія фармуюць ільвіную долю сусветнага ВУП", — сказаў ён.

Калаур адзначыў, што ў гэтых умовах цэнтральны банк імкнецца забяспечыць той узровень золатавалютных рэзерваў, які неабходны для фінансавай стабільнасці. "Наша задача складаецца ў тым, каб рэзервы пакрывалі не менш як двухмесячны аб'ём імпарту", — удакладніў чыноўнік.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН