Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/07/ru_1022894_1022895/
Дата раздрукоўкі: 12.11.2019 08:57
07.11.2019 07:03 Палітыка

Сёння ў Беларусі пройдуць безальтэрнатыўныя выбары членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу

Мінск, 7 лістапада. 7 лістапада адбудуцца выбары членаў верхняй палаты беларускага парламента — Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Выбары пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Кожная з шасці абласцей і горад Мінск вылучылі ў Савет Рэспублікі па восем кандыдатаў. Сёння на пасяджэннях мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і Мінскага гарсавета дэпутатаў адбудзецца тайнае галасаванне па гэтых кандыдатурах.

Усе вылучаныя кандыдаты былі зарэгістраваныя Цэнтральнай выбарчай камісіяй 10 кастрычніка. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тады паведаміла журналістам: "Мы вывучылі дакументы, пададзеныя абласнымі выканаўчымі камітэтамі і аблсаветамі, і прыйшлі да таго, што вылучэнне ў члены Савета Рэспублікі па ўсіх рэгіёнах адбылося абсалютна законна і не выклікае ніякіх пытанняў па легітымнасці асоб, якія вылучаны кандыдатамі".

Як сведчыць аналіз спісаў кандыдатаў, склад верхняй палаты значна абновіцца: толькі дзевяць кандыдатаў вылучана паўторна — гэта Алег Румо, Алена Панцюхова, Аляксандр Ляхаў, Віктар Сняжыцкі, Юрый Дзяркач, Валерый Гайдукевіч, Васіль Маркевіч, Віктар Чайчыц і Анатоль Шчасны.

Падчас відэабрыфінгу 6 лістапада Ярмошына нагадала, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй яшчэ восем членаў верхняй палаты можа прызначыць прэзідэнт. "Аднак кіраўнік дзяржавы можа прызначаць членаў Савета Рэспублікі ў любы час, нават потым, калі палата пачне працаваць, — дадала яна. — Як правіла, перад пачаткам працы палаты [прэзідэнтам] прызначаецца адзін, два ці тры сенатары. Усё залежыць ад таго, якія пасады, якія вакансіі кіраўнік дзяржавы збіраецца запоўніць людзьмі, якія будуць прызначаныя ўказам прэзідэнта".

"Такім чынам, у нас можа быць і 56 чалавек на ўсе чатыры гады, а можа быць і 64 чалавекі. Мы на гэты момант не ведаем", — сказала кіраўнік ЦВК, нагадаўшы, што 64 — гэта максімальная колькасць Савета Рэспублікі.

Выбары ў ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — Палату прадстаўнікоў — пройдуць 17 лістапада.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН