Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/13/eu_1023410_745896/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 03:36
13.11.2019 13:11 Палітыка, Эканоміка, Беларусь — Еўрасаюз

Макей: Умацаванне адносін з Расіяй не азначае, што мы павінны глядзець толькі на яе

Мінск, 13 лістапада. У Беларусі "вельмі добрыя" адносіны з Расіяй. "І мы хацелі б умацоўваць іх і ў будучыні, але гэта не азначае, што мы павінны глядзець толькі на Расію", — заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю нямецкай газеце Sueddeutsche Zeitung (пераклад апублікаваны на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства).

"Апошні раз падчас буйнога сусветнага фінансавага крызісу мы даведаліся на ўласным вопыце, што залежнасць ад адной краіны з'яўляецца згубнай для нашай эканомікі. Таму мы хацелі б дыверсіфікаваць нашы адносіны і разглядаем Еўрапейскі саюз у якасці другога па важнасці эканамічнага партнёра", — адзначыў Макей.

Прынцып знешняй палітыкі Мінска ён сфармуляваў так: "Роўныя адносіны на ўсіх напрамках, магчыма, крыху больш у дачыненні да Расіі. Мы не хочам паўтараць памылак Украіны. І жадаем улічыць усе небяспекі на шляху да больш цеснага супрацоўніцтва з ЕС. Асцярожнасць ляжыць у менталітэце беларусаў. Мы хочам быць краінай, якая спрыяе стабільнасці, а не турбулентнасці".

"Мы разумеем, скажам так, логіку ўкраінскага кіраўніцтва. Але павінен шчыра сказаць, што сітуацыя ва Украіне сёння для нас з'яўляецца негатыўным прыкладам. У гэтым, на мой погляд, ёсць таксама віна ЕС, які ў мінулым спрабаваў як мага хутчэй прывязаць да сябе Украіну. Я разумею імкненне Украіны быць бліжэй да Еўропы. Але мы не хочам дзейнічаць у іх логіцы", — заявіў Макей.

Паводле слоў дыпламата, важна ўсё, што збліжае Беларусь і ЕС. "Аблягчэнне візавага рэжыму і заключэнне пагаднення аб рэадмісіі з'яўляюцца для нас выключна важнымі. Цікавасць беларусаў пазнаёміцца з Еўропай велізарная. І для нас мае істотную розніцу, будзе віза каштаваць 80 або 35 еўра. Рост інтэнсіўнасці абменаў вельмі важны для развіцця нашай грамадзянскай супольнасці. Калі студэнты, навукоўцы, прадпрымальнікі ўсё больш і больш будуць уцягнутыя ў кантакты", — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН