Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/13/ru_1023394_1023395/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 03:56
13.11.2019 11:43 Эканоміка

Румас: Невырашальных пытанняў па дарожных картах інтэграцыі з Расіяй няма

Мінск, 13 лістапада. Беларусь і Расія вырашаць неўрэгуляваныя пытанні дарожных карт па інтэграцыі. Такое меркаванне журналістам у кулуарах міжнароднай канферэнцыі па развіцці канкурэнцыі ў Беларусi 13 лістапада выказаў прэм`ер-міністр Сяргей Румас.

Ён нагадаў, што Беларусь і Расія працуюць над 31 дарожнай картай па эканамічнай інтэграцыі. Цяпер практычна цалкам узгоднена каля паловы дакументаў.

"Калі ніякіх навін у наступныя дні лістапада не з`явіцца, то гэтыя карты гатовыя да падпісання ў пакеце. Па шэрагу карт ёсць неўрэгуляваныя пазіцыі, у тым ліку і па нафце, газе, энергетыцы. Але там няма невырашальных пытанняў", — сказаў Румас. Паводле слоў прэм`ер-міністра, урэгуляваць іх плануецца на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы 19 лістапада.

"Мы дамовіліся з маім расійскім калегам Дзмітрыем Анатольевічам [Мядзведзевым] прайсціся па ўсіх гэтых картах і паспрабаваць максімальна зняць рознагалоссі, якія ёсць. Гэта ўсё не невырашальныя пытанні. Яны паўставалі ў гісторыі нашых узаемаадносін з Расійскай Федэрацыяй і раней. Я думаю, што мы знойдзем развязкі. Калі не знойдзем, значыць, прэзідэнты паставяць нам дрэнную адзнаку за нашу працу і абавязкова знойдуць развязкі", — падкрэсліў прэм`ер-міністр.

Ён паведаміў, што самай складанай дарожнай картай з`яўляецца падатковая, у якой гаворка ідзе аб стварэнні адзінага Падатковага кодэкса. "Краіны за гэты час самастойна развівалі падатковае заканадаўства, і за вельмі кароткі перыяд яго ўніфікаваць, узяць усё лепшае, што ёсць у кожнай краіне, проста вельмі складана тэхнічна", — адзначыў Румас.

Паводле яго слоў, у Расіі падатковая нагрузка значна ніжэйшая, таму пераход для беларускіх суб`ектаў гаспадарання на расійскія стаўкі быў бы вялікім дабром, але тады ўзнікае пытанне кампенсацыі даходаў бюджэту, якія выпадаюць.

"Дыскусія з Расійскай Федэрацыяй, хутчэй, ідзе пра тое, як Беларусь будзе кампенсаваць прыбыткі, якія выпадаюць, для таго, каб яны не аказалі негатыўны ўплыў на эканоміку", — адзначыў прэм`ер-міністр.

Ён падкрэсліў, што Беларусь падпіша дарожныя карты толькі пры ўліку яе інтарэсаў.

Аляксандр Ярашэвіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН