Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/14/ru_1023540_1023541/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:16
14.11.2019 13:23 Палітыка

Лукашэнка: Будзем заключаць з Расіяй новую дамову па абароне нашых межаў

Мінск, 14 лістапада. Аляксандр Лукашэнка заклапочаны тым, як складваецца ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў памежных пытаннях. Пра гэта ён заявіў 14 лістапада, прымаючы з дакладам старшыню Дзяржпагранкамітэта Анатоля Лапо і дзяржсакратара Савета бяспекі Станіслава Зася, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

У 1995 годзе Беларусь і Расія падпісалі дамову аб сумесных намаганнях у ахове знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы. Яна аўтаматычна працягвалася кожныя пяць гадоў, і ў лістападзе зноў заканчваецца тэрмін дзеяння гэтага дакумента. Неабходнасць працягу дамовы і паслужыла прычынай прааналізаваць узаемадзеянне пагранічных ведамстваў Беларусі і Расіі. Раней Лукашэнка даручаў прапрацаваць гэтую тэму з расійскімі партнёрамі.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "Беларусь на 100% выконвае свае абавязацельствы". Гэта, паводле яго слоў, датычыцца ў першую чаргу барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў і зброі, нелегальнай міграцыяй і пошуку выкрадзеных аўтамабіляў. "Пагранічнае ведамства Беларусі проста ў разы больш эфектыўна працуе на сумесных межах, — заявіў Лукашэнка. — Мы на першых метрах нашай агульнай айчыны надзейна абараняем як свае інтарэсы, так і нашага галоўнага саюзніка — Расійскай Федэрацыі. Быццам бы праблем няма, але ў той жа час, паводле інфармацыі іншых ведамстваў, яны ёсць".

Ён адзначыў, што не ўсе грамадзяне трэціх краін бесперашкодна праязджаюць беларуска-расійскую мяжу. "Гэта значыць, калі замежны грамадзянін (аўстрыец, немец, паляк) заехаў праз мяжу пад Брэстам, то яго могуць пад Смаленскам не прапусціць нават з расійскай візай. Яго вяртаюць назад: давай заедзь праз латвійска-расійскую мяжу ці праз (дзіўна!) украінска-расійскую. Гэта што такое? Быццам бы ўсё добра, але гэта пытанне", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Афіцыйны лідар "выказаў здзіўленне, чаму так адбываецца, тым больш расіяне прызнаюць, што беларусы ахоўваюць мяжу лепш, чым яны". "Агульная прастора Беларусі і Расіі. Не, кажуць: "Вяртайся назад і заязджай праз Латвію". Што гэта за абсурд? І гэта пытанне з расіянамі трэба вырашаць", — падкрэсліў Лукашэнка.

Яшчэ адной праблемай кіраўнік дзяржавы назваў чэргі грузавога транспарту на беларуска-расійскай мяжы. Як паведамляюць Лукашэнку, перыядычна яны дасягаюць 10 км і больш. "Грузавікі, якія едуць праз Беларусь у Расію, выстройваюцца для надгляду, і не толькі пагранічнага: і мытнага, і фітасанітарнага, і іншага. Як так? — здзівіўся ён. — Агульная мяжа, дамовіліся... Пад Брэстам гэтую машыну вывернулі навыварат — ведаем, куды ідзе, што вязе. Перадалі інфармацыю Расійскай Федэрацыі. Яны зноў спыняюць гэтыя аўтамабілі пад Смаленскам, Псковам, Бранскам і пачынаюць назад выварочваць. Гэта ненармальна. Мы, вядома, вытрымаем, выцерпім. Але тады не трэба ад нас чагосьці патрабаваць".

Кіраўнік дзяржавы назваў усю гэтую сітуацы "поўным абсурдам, бо дзеянні расійскага боку не даюць ніякага эфекту". "Навошта? Лішнія хабары? Мы ж ведаем, як яны працуюць, я прэзідэнта Расіі інфармаваў пра гэта", — дадаў ён.

Лукашэнка звярнуў увагу, што паміж памежнікамі Беларусі і Расіі праблем няма, паміж ваеннымі і транспартнікамі таксама ўсё гладка, але калі ўсе пытанні выводзяцца на ўрадавы ўзровень, раптам з'яўляецца куча пытанняў. "Як вынік, нас пастаянна папракаюць: "Мы ледзь не ўтрымліваем Беларусь. Яна абрынецца, калі мы яе не будзем датаваць, утрымліваць". Трэба палічыць, чаго нам вартая абарона сумеснай мяжы. Нагадаць ім пра сістэму супрацьпаветранай абароны: яны доўга прасілі мяне, каб мы зрабілі яе сумесна. Ад Балтыкі да Чорнага мора мы сёння працуе на Расійскую Федэрацыю. Гэта таксама грошай каштуе, і не толькі грошай. І мы ўсё роўна нахлебнікі", — абурыўся ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што цяпер Беларусь і Расія вядуць перамовы па паглыбленні інтэграцыі. Паводле яго слоў, усе пытанні, якія ўзнікаюць, неабходна "звесці, пакласці на стол і паказаць: старэйшыя браты-расіяне, вы паглядзіце, якія паслугі мы вам аказваем, і гэта нятанна". Лукашэнка таксама адзначыў, што нядаўна Беларусь за свае грошы закупіла ў Расіі самалёты Су-30СМ. "Але мы ж выконваем і функцыі абароны на гэтым напрамку Расійскай Федэрацыі, народа Расіі. Дык чаму нам не дапамагчы? Чаму не паставіць сучасную зброю? Мы ўмеем ёй карыстацца не горш, чым расіяне, але плацім за гэта каласальныя грошы. Я не да таго, што мы не будзем выконваць свае функцыі. Я да таго, што не трэба вякаць у сродках масавай інфармацыі і нават ужо на дзяржаўным узроўні, што беларусы — гіра на нагах", — заявіў ён.

"Таму трэба ўсе гэтыя пытанні зводзіць на ўзроўні ўрада і на стол: вось, мы дапамагаем. І каб расійскае грамадства ведала і разумела, што ніякія беларусы не нахлебнікі, што рускаму чалавеку, расіяніну, у Беларусі не горш, чым у Расіі. Давайце прама казаць: лепш, чым у Расіі. І яны гэта адзначаюць, — сказаў афіцыйны лідар. — Таму, калі расійскае кіраўніцтва гатовае ў гэтым кірунку дзейнічаць, тады давайце будзем з імі заключаць новую дамову па абароне нашых межаў. Калі расіяне не хочуць гэтага, тады нам трэба быць гатовымі, як мы і працуем цяпер, дзейнічаць, абараняючы свае інтарэсы ад імя Рэспублікі Беларусь, у адзіночку. Усе гэтыя пытанні павінны быць адкрытыя, сумленныя і абмяркоўвацца на перамовах з кіраўніцтвам Расійскім Федэрацыі, у дадзеным выпадку з пагранічным ведамствам".

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН