Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/15/ru_1023679_123/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:43
15.11.2019 13:25 Палітыка, Грамадства

"Права выбару": Датэрміновае галасаванне на выбарах ператварылася ў сістэму фальсіфікацый

Мінск, 15 лістапада. Датэрміновае галасаванне на выбарах у Беларусі, на жаль, ператварылася ў сістэму фальсіфікацый, канстатаваў падчас анлайн-брыфінгу 15 лістапада нацыянальны каардынатар кампаніі назірання "Права выбару" Аляксандр Сілкоў.

Ён нагадаў, што прадстаўнікі кампаніі ажыццяўляюць татальнае назіранне на ўсіх участках дзевяці акругаў ва ўсіх абласных цэнтрах, Мінску і Бабруйску (Брэсцкая-Усходняя № 3, Віцебская-Чкалаўская № 18, Гомельская-Цэнтральная № 33, Гродзенская-Цэнтральная № 51, Бабруйская-Ленінская № 78, Магілёўская-Ленінская № 84, Магілёўская-Цэнтральная № 85, у Мінску — Пушкінская № 103 і Коласаўская № 106).

Прысутнасць на выбарчых участках незалежных назіральнікаў, паводле яго слоў, у пэўнай ступені ўплывае на зніжэнне колькасці парушэнняў падчас працэдуры галасавання. Так, напрыклад, у магілёўскай акрузе № 84 па выніках трох дзён галасавання назіральнікі зафіксавалі яўку 7,8%, камісіі — 10,9%. Пры гэтым, паводле афіцыйных дадзеных, у астатніх трох акругах Магілёва, дзе не вядзецца незалежнае назіранне, яўка склала каля 20%, звярнуў увагу Сілкоў.

На пытанне, ці магчыма ў такім разе ахапіць незалежным назіраннем усю краіну, напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе, нацыянальны каардынатар кампаніі адказаў: "У Рэспубліцы Беларусь 5,4 тысячы ўчасткаў. Калі б у нас было аднадзённае галасаванне, мы здолелі б закрыць усю тэрыторыю Беларусі". "Але трэба разумець, што цяпер у нас сем дзён галасавання з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00. Колькі мы павінны прыцягнуць людзей, каб яны маглі праназіраць усе ўчасткі?" — задаўся ён пытаннем.

Сілкоў падкрэсліў, што "Права выбару" не выступае супраць таго, каб грамадзяне маглі прагаласаваць загадзя, аднак прапануе даць кожнаму кандыдату ў дэпутаты права мець свайго прадстаўніка ва ўчастковай камісіі. "Тады нам не трэба закрываць назіраннем усе ўчасткі", — канстатаваў нацыянальны каардынатар кампаніі.

За тры дні датэрміновага галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў назіральнікі кампаніі "Права выбару" зафіксавалі 238 парушэнняў выбарчага заканадаўства, пададзена 148 скаргаў па фактах гэтых парушэнняў.

"Калі казаць пра тыпы гэтых парушэнняў, то працягвае пераважаць неналежнае забеспячэнне захаванасці скрыняў для датэрміновага галасавання, а таксама неадпаведнасць колькасці тых, хто прагаласаваў, у пратаколах камісій з дадзенымі назіральнікаў. Таксама ёсць факты пазбаўлення назіральнікаў акрэдытацыі — пяць ужо яе пазбаўленыя, факты адмовы камісіі ў даванні назіральнікам інфармацыі — такіх выпадкаў 16, факты шэрагу іншых парушэнняў", — сказаў намеснік старшыні Партыі БНФ, прэс-сакратар кампаніі Аляксей Янукевіч.

Кампанія назірання "Права выбару" сфарміраваная васьмю палітычнымі і грамадскімі структурамі: Аб`яднанай грамадзянскай партыяй, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Грамада), Беларускай партыяй "Зялёныя", Партыяй БНФ, аргкамітэтамі па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і Партыі свабоды і прагрэсу, рухам "За Свабоду" і незалежным прафсаюзам РЭП.

Датэрміновае галасаванне стартавала 12 лістапада і будзе доўжыцца да 16 лістапада. Выбарчыя ўчасткі адкрытыя з 10.00 да 14.00 і з 16.00 да 19.00.

Асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання — 17 лістапада. У гэты дзень участкі будуць працаваць з 8.00 да 20.00.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239