Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/15/ru_1023744_1023746/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 04:22
15.11.2019 20:37 Палітыка

Больш за 100 чалавек прыйшло на "Сустрэчу свабодных людзей"

Мінск, 15 лістапада. Больш за 100 чалавек сабралася на плошчы Свабоды ў Мінску на анансаваную кампаніяй "Еўрапейская Беларусь" акцыю "Сустрэча свабодных людзей" у рамках агітацыйных пікетаў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты ПП НС.

Першапачаткова "Еўрапейская Беларусь" запрашала грамадзян на сустрэчу са сваімі прадстаўнікамі, якія балатуюцца ў ніжнюю палату парламента, а 18 гадзіне 15 лістапада на Кастрычніцкую плошчу. У гэты ж дзень камунальныя службы горада пачалі манціраваць там навагоднюю ёлку, абгарадзіўшы месца вакол яе пластыкавымі блокамі.

На Кастрычніцкую плошчу прыйшло каля 60 чалавек, затым яны перамясціліся на размешчаную непадалёк плошчу Свабоды. Там колькасць удзельнікаў павялічылася. Яны разгарнулі сцягі "Еўрапейскай Беларусі", бел-чырвона-белыя сцягі, чырвоныя сцягі з выявай герба "Пагоня".

Прадстаўнік кампаніі "Еўрапейская Беларусь" журналістка Ірына Халіп заклікала прысутных забыцца пра розніцу ў палітычных поглядах і разам выступіць за перамены ў краіне.

Халіп адзначыла, што апошні раз яна разам з Мікалаем Статкевічам, які таксама прыйшоў на плошчу, удзельнічала ў адной акцыі 19 снежня 2010 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў. Потым яны аказаліся "ў адным СІЗА, затым раз`ехаліся па розных адрасах". "Але я рада, што цяпер удалося сабрацца. Дзевяць гадоў рэжым рабіў усё, каб людзі не збіраліся разам. Былі толькі ўкіды, каб пачаць халівары ў інтэрнэце. Але ўсё зменіцца толькі з дапамогай пратэстаў. Напэўна, пара падняцца з-за камп`ютараў і выходзіць на вуліцы. Без змены ўлады немагчымыя перамены ў Беларусі", — сказала Халіп.

Адзін з актывістаў незарэгістраванага руху салідарнасці "Разам" Вячаслаў Сіўчык заявіў, што ўлада "ніколі так не малявала лічбы папярэдняй яўкі, яны выскокваюць са сваіх уласных схем, таму што ўлада, якую не выбіраюць, вісіць у паветры". "Улада сама дакладна сфармулявала лозунг, які патрэбны беларусам, калі выносіла папярэджанне Алене Талстой (кандыдат у дэпутаты, сустаршыня руху "Разам". — БелаПАН.) за выказванне, што саюз з Расіяй — гэта вайна, галеча і рэпрэсіі супраць Беларусі. Нас і так загналі, пазбавілі практычна ўсіх правоў і свабодаў. Калі б у Лукашэнкі была мінімальная адказнасць перад народам, то ў сітуацыі, у якую яго паставіла Масква, ён мінімальна даў бы свабоду беларусам. Яны абаранілі б краіну", — сказаў палітык.

Сіўчык заклікаў народ спадзявацца толькі на сябе і супраціўляцца планам інтэграцыі з Расіяй. Ён запрасіў прысутных наведаць 22 лістапада цырымонію перапахавання астанкаў Кастуся Каліноўскага ў Вільнюсе. "Ён вярнуўся ў патрэбны час. Гэта і ёсць наша зброя супраць імперыі, якая зноў хоча завалодаць нашымі землямі", — лічыць прамоўца.

Заключная частка акцыі прайшла ў рэжыме свабоднага мікрафона. Некаторыя выступоўцы прапаноўвалі ўжо цяпер займацца прэзідэнцкімі выбарамі, абмяркоўвалі палітычную сітуацыю, казалі пра тое, што многія беларусы дагэтуль не маюць уяўлення аб тым, што адбываецца ў краіне.

Статкевіч заклікаў усіх сабрацца 16 лістапада на аналагічны пікет Алены Талстой, чыёй даверанай асобай ён з`яўляецца.

Арганізатары паведамілі, што актывістаў "Еўрапейскай Беларусі" Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага затрымалі па дарозе на акцыю і адвезлі ва УУС Цэнтральнага раёна. Невядома, ці затрыманы актывіст кампаніі з Брэста Андрэй Шарэнда, які знаходзіўся разам з імі. У міліцыі таксама знаходзяцца актывісты Андрэй Войніч і Анастасія Гусева. Затрыманая каля 16 гадзіны побач са сваім домам Вольга Нікалайчык, якая пазбаўлена рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, адпушчаная на волю.

Выбары ў ПП НС пройдуць 17 лістапада.

Захар Шчарбакоў, Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239