Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/16/ru_1023821_123/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 04:33
16.11.2019 18:52 Палітыка, Грамадства

"Сустрэча свабодных людзей" на плошчы Свабоды ў цэнтры Мінска праходзіць у цемры

Мінск, 16 лістапада. "Сустрэча свабодных людзей" на плошчы Свабоды ў цэнтры Мінска праходзіць у цемры. Не гараць ліхтары, няма падсвятлення на будынках, у тым ліку на гарадской ратушы.

Арганізатары акцыі мяркуюць, што ўлады зрабілі гэта наўмысна, з мэтай сарваць сустрэчу. Аналагічная сітуацыя мела месца напярэдадні ў Гомелі, дзе апазіцыйны перадвыбарны пікет таксама праходзіў у цемры некалькі гадзін.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель папрасіў прысутных — а на плошчы цяпер больш як 70 чалавек — запаліць ліхтарыкі на тэлефонах і запальніцы. На кароткі перыяд людзі так і зрабілі, але затым выключылі ліхтары, бо хапае вонкавага асвятлення з боку вуліцы Леніна.

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, сустаршыня руху салідарнасці "Разам" Алена Талстая, у межах перадвыбарнага пікета якой праходзіць сустрэча, заявіла, што для яе і руху, які яна прадстаўляе, было важна "правесці так званую выбарчую кампанію з лозунгамі супраць саюзу з Расіяй, інтэграцыі". Яна падкрэсліла, што выбараў у краіне няма. "Мы не выбіралі ні прэзідэнта, ні дэпутатаў, і яны не маюць права ад нашага імя падпісваць якія-небудзь дакументы. Нас пазбавілі права выбіраць, таму мы выказваем сваю волю наўпрост, на плошчы", — заявіла Талстая.

Затым выступіў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч, які з'яўляецца даверанай асобай Алены Талстой. Ён падзякаваў уладам за выключанае святло, што дазволіла стварыць на плошчы "такую інтымную атмасферу".

Пасля выступу Статкевіча сустрэча перайшла ў фармат свабоднага мікрафона. Людзі выказваюцца аб праблемах сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага характару і заклікаюць згуртавацца адзін з адным на карысць дэмакратычнай будучыні краіны.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239