Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/16/ru_1023827_123/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:49
16.11.2019 19:51 Палітыка, Грамадства

Удзельнікі "Сустрэчы свабодных людзей" накіраваліся з плошчы Свабоды на плошчу Незалежнасці

Мінск, 16 лістапада. Каля 70 удзельнікаў акцыі "Сустрэча свабодных людзей" адправіліся з плошчы Свабоды на плошчу Незалежнасці да будынка Цэнтральнай выбарчай камісіі. Там некаторыя дзейныя і былыя кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў маюць намер дэманстратыўна спаліць свае кандыдацкія пасведчанні.

Людзі ідуць калонай, з бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі з гербам "Пагоня" і сцягамі кампаніі "Еўрапейская Беларусь". Яны таксама скандуюць лозунгі "Свабоду!" і "Адправім Сашу ў Рашу". Міліцыя суправаджае дэманстрантаў, але не перашкаджае іх руху.

Да пачатку шэсця, яшчэ на плошчы Свабоды актывіст кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Міхаіл Бандарэнка, які вылучаўся ў парламент ад Партыі БНФ па Мазырскай выбарчай акрузе № 42, заявіў пра зняцце сваёй кандыдатуры і спаліў сваё пасведчанне кандыдата ў дэпутаты. Аналагічным чынам паступілі кандыдаты, якія былі знятыя Цэнтравыбаркамам або зняліся з выбараў самі, Вольга Нікалайчык, Арцём Чарняк, Дзмітрый Казлоў, Аксана Юшкевіч. Пра свой намер зняцца з выбараў БелаПАН таксама паведаміла сустаршыня руху салідарнасці "Разам" Алена Талстая, у рамках перадвыбарнага пікета якой праходзіць акцыя.

Журналістка Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, выступаючы на плошчы Свабоды, заявіла, што Беларусь не зможа быць суверэннай дзяржавай і пазбавіцца ад залежнасці ад Расіі, калі будзе запушчаная астравецкія АЭС.

У сваю чаргу, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павал Севярынец заявіў, што апошнія сумленныя выбары ў Беларусі былі ў 1994 годзе. З таго моманту, адзначыў палітык, ён пабываў на "хіміях", у турмах, "на сутках", і не хоча, каб яго лёс паўтарала новае пакаленне беларусаў. Уладам, як лічыць Севярынец, "не ўдасца зламаць беларускую моладзь".

Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, давераная асоба Алены Талстой, заявіў, што наступны год "будзе вызначаць лёс нацыі". "Нам давядзецца пераадолець страх, выйсці на абарону краіны", — сказаў Статкевіч.

Падчас сустрэчы на плошчы Свабоды да мікрафона падыходзілі многія ўдзельнікі, якія выказваліся ў падтрымку развіцця малога і сярэдняга бізнесу, моладзі, дэмакратычных каштоўнасцяў.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239